Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ду́шачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да душа (у 1, 2 знач.). — Ой, была жанчына, няхай са святымі супачывае яе душачка! Колас.

душашчыпа́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. іран. Сентыментальны, чуллівы (пра музыку, прамову і пад.). Душашчыпальны раманс.

ду́шна, безас. у знач. вык.

Пра наяўнасць духаты дзе‑н. У падвале стала яшчэ больш горача і душна. Карпаў. У паветры пахла гарэлымі анучамі, гаркаватым дымам. Было душна, як у печы. Бядуля. // каму. Пра адчуванне духаты кім‑н. Пасля чаю зрабілася душна. Валатовіч зняў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла. Шамякін.

душнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Крыху душны. Душнаватае надвор’е.

душната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

Разм. Тое, што і духата. Васіль жа па праву госця сягоння амаль нічога не рабіў, таму не адчуваў і асаблівай душнаты. Кулакоўскі.

душні́к, ‑а, м.

Адтуліна, дзірка ў чым‑н. для доступу паветра. Таклюсін пакойчык быў зусім адгароджаны ад кухні. Адною сцяною яго служыў выступ, куды Лапко прапусціў душнік для награвання пакоя. Колас. Каб бульба прасыхала і не гарэла, у капцах паставяць душнікі. Навуменка.

ду́шны, ‑ая, ‑ае.

Гарачы, насычаны выпарэннямі. Ноч была ціхая, душная, і паветра моцна пахла пылам, .. збажыной і яблыкамі. Шамякін. // З цяжкім, нясвежым паветрам (пра памяшканне). Ачуняла Галя ў цёмным, душным сутарэнні. Ваданосаў.

душо́к, ‑шка, м.

1. Спец. Слабы, ледзь улоўны пах ад чаго‑н. Яшчэ і цяпер адчуваўся тут душок дзёгцю і тарпатыны. Колас. // Разм. Непрыемны пах ад чаго‑н., што пачынае псавацца, загніваць. Мяса з душком.

2. перан. Іран. Ледзь прыкметнае праяўленне схільнасці да чаго‑н. (у поглядах, настроях). Ліберальны душок. □ — Чакаеш, пакуль [збожжа] высыплецца? Ведаю я твой кулацкі душок! Лобан.

душы́цель, ‑я, м.

Той, хто душыць, прыгнятае каго‑н. Душыцель свабоды.

душы́цца 1, душуся, душышся, душыцца; незак.

1. чым і ад чаго. Задыхацца (ад кашлю, смеху, слёз і пад.). Душыўся .. [Міхалкаў бацька] кашлем доўга, аж заходзіўся. Чорны. На беразе стаялі Алік і Валерык і аж душыліся ад смеху. Шашкоў. // Прагна, паспешліва есці. Немец аж душыўся гэтай сытай ядой, недалікатна напіхаючы повен рот. Чорны. // перан. Разм. Карміцца аднастайнай ежай (звычайна нізкаякаснай). Душыцца поснай бульбай. // перан. Цяжка і многа працаваць. На пятнаццаць гадзін з дня ў дзень душылася [маці] на фабрыцы за кавалак хлеба. Якімовіч. // перан. Разм. Жыць у цеснаце. — Багацейшая ды мацнейшыя сем’і ўжо ў хатах. Ну і мне надакучыла ў зямлянцы душыцца з сям’ёй. Чарнышэвіч.

2. Штурхацца ў цеснаце, у натоўпе. Людзі душыліся, піхаліся, імкнуліся стаць бліжэй да каменя. Пестрак.

3. Зал. да душыць ​1 (у 1, 6 знач.).

душы́цца 2, душуся, душышся, душыцца; незак.

Апырсквацца або націрацца духамі, адэкалонам. Душыцца адэкалонам. Часта пачаў душыцца.