духі́, ‑оў; адз. няма.
Спіртавы раствор пахучых рэчываў, што ужываецца як парфумны сродак. Акрамя водару кветак, у пакоі стаяў яшчэ ледзь улоўны пах тонкіх духоў. Васілёнак.
духме́нь, ‑і, ж.
Разм. Душнае надвор’е, паветра; духата. Салодкі сон дзіцячы пасля пылу, духмені. Лынькоў. Ад лесу патыхала духменню. Мележ.
духмя́насць, ‑і, ж.
Прыемны пах, водар. Паветра цякло шырокімі струменямі: то цёплае, напоенае пахам смалы і духмянасцю траў, то вільготнае. Шамякін.
духмя́ны, ‑ая, ‑ае.
З моцным прыемным пахам; пахучы. Мы ляжым на капе духмянага сена пад гарачымі праменнямі ліпеньскага сонца. Асіпенка.
духо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.
Жалезная скрынка (звычайна ўстаўленая ў пліту), у якой гатуюць ежу з дапамогай нагрэтага паветра. У духоўцы .. пяклося прыгатаванае па ўсіх правілах пячэнне. Васілевіч.
духо́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць духоўнага (у 1 знач.). У доме Гольдэнвейзераў яшчэ гімназістам Мікалай Шчакаціхін убіраў у сябе атмасферу вялікай духоўнасці і незгасальнай творчасці. Ліс.
духо́ўнік, ‑а, м.
Свяшчэннік, які пастаянна прымае ў каго‑н. споведзь.
духо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да духу (у 1 знач.); звязаны з унутраным, псіхічным жыццём чалавека. Духоўны свет чалавека. Духоўныя інтарэсы. Духоўная блізкасць. □ Сапраўды-такі здараюцца духоўныя перавароты ў маладых людзей, здаецца часам, што перайначваецца ў чалавека натура. Чорны. // перан. Нематэрыяльны, бесцялесны. Хлеб духоўны.
2. Звязаны з рэлігіяй, царквой; проціл. свецкі. Духоўная ўлада. Духоўная музыка. // Звязаны з кіраўніцтвам царкоўнымі справамі, падрыхтоўкай служыцеляў культу. Духоўнае ведамства. Духоўная семінарыя. // Які належыць да духавенства. Духоўная асоба. // Які прысвойваецца служыцелям царквы. Духоўны сан. Духоўнае званне.
•••
Духоўны айцец гл. айцец.