дурма́ніцца, ‑ніцца; незак.
Зал. да дурманіць.
дурма́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.
Туманіць, кружыць галаву; ап’яняць. Галаву дурманіць густы пах лесу. Мележ. Дурманілі ядловец і смала, І клейкія альховыя пупышкі. Грахоўскі. // перан. Разм. Атупляць розум, свядомасць. І той ці іншы дабрадзей На свой манер пускаў туману, Сябе, другіх яшчэ дурманіў. Колас.
дурма́нлівы, ‑ая, ‑ае.
Які дурманіць, ап’яняе. Пасярэдзіне саду густа аплеценая пахучым дурманлівым хмелем прытульна схавалася за высокім арэхавым дрэвам .. альтанка. Мурашка.
дурма́нны, ‑ая, ‑ае.
Які адурманьвае, ап’яняе. Дурманнае зелле.
дурнава́тасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць дурнаватага.
дурнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Не зусім разумны, крыху дурны. Бывалі такія выпадкі, калі які-небудзь дурнаваты язь або лешч, уцякаючы «на ваду», трапляў у сетку. Колас. // Які выражае разумовую абмежаванасць, тупасць. Руды, калматы Ігнат, хутка пасалавеўшы, упяўшы дурнаватыя вочы ў стол, амаль увесь час маўчаў — не дарма далі мянушку — Барак! Мележ.
дурнап’я́н, ‑у, м.
Ядавітая травяністая расліна сямейства паслёнавых з дурманлівым пахам. Перад хатай, дзе ў агародчыку да вайны Вольга вадзіла кветкі — мальвы, вяргіні, півоні, цяпер яшчэ густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну. Мележ.
дурнап’я́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дурнап’яну. Дурнап’янавы пах.
дурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Страчваць разумовыя здольнасці, станавіцца дурным. А стары ўжо, бач, дурнее, Як за семдзесят залез. Колас.