вітамінізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.
Увесці (уводзіць) вітаміны, насычаць вітамінамі.
вітамініза́цыя, ‑і, ж.
Увядзенне вітамінаў, насычэнне вітамінамі. Вітамінізацыя харчовых прадуктаў.
вітамі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вітамінаў. Вітамінная лабараторыя. Вітамінная мука.
вітаміно́зны, ‑ая, ‑ае.
Багаты вітамінамі. Вітамінозны тлушч.
вітаміно́лаг, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне вітаміналогіі.
вітамі́ны, ‑аў; адз. вітамін, ‑у, м.
Арганічныя рэчывы, неабходныя для харчавання і жыццёвай дзейнасці жывых арганізмаў. Вітамін А.
віта́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вітаць, вітацца.
2. Прывітанне. — Добры дзень, — кінуў я сваё вітанне. — Добры дзень, — пачуў нядружны адказ. Сабаленка.
віта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Вітаць адзін аднаго пры сустрэчы; здароўкацца. Вітацца за руку. □ [Хлопцы] сустракаліся са знаёмымі — віталіся, калі не бачыліся да таго, перакідаліся словамі. Гартны.
віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.
2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.
3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.
4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.
ві́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Скручаны лазовы або бярозавы дубец, якім прывязваюць, прымацоўваюць што‑н. На коллях [плота] віткі пагнілі. Колас.