віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.

3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)