Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ві́згат, ‑у, М ‑гаце, м.

Пранізлівы, рэзкі гук. Дзікі візгат [бомбаў] перакрыў на хвіліну жалезны гул матораў. Навуменка. Пачуўся лязг ключоў, удары кірак і тапароў, візгат піл. М. Ткачоў.

візгата́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. візгатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння: візгат.

візгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.

Пранізліва, рэзка гучаць; скавытаць. [Сабака] пачынае тоненька візгатаць і пускаць сліну. Бядуля.

візгатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і вісклівы. Візгатлівы голас.

візгатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да візгатаць.

візі́га, ‑і, ДМ ‑зізе, ж.

Прадукт, які вырабляецца са спінной струны асятровых рыб. Пірагі з візігай.

візі́р 1, ‑а, м.

Спец.

1. Тое, што і відашукальнік.

2. Частка прыцэльнага прыстасавання з вузкай шчылінай.

3. Прылада для візіравання.

[Ням. Visier.]

візі́р 2, ‑а, м.

Вышэйшы саноўнік, дзяржаўны саветнік у некаторых краінах Блізкага Усходу.

візі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. візіраваць.

візі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да візіраваць.

візі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Навесці (наводзіць) аптычны ці вугламерны прыбор на які‑н. пункт. Васіль схіліўся над тэадалітам, амаль накрыўшы яго капой сваіх доўгіх валасоў, і візіруе лінію ў напрамку водападзелу. Дуброўскі.

[Ням. visieren.]