Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бу́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Часта, раз за разам бухаць. Аркестр іграў факстрот, часта і гулка бухкаў барабан, звінелі і бразгаталі медныя талеркі. Хадкевіч.

бухма́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Пышны, пушысты. З аднаго боку бухматымі голлямі шапацелі хвоі, а з другога — пад ветрам ракаталі хвалі. Броўка. Грабель мільганнем, звонам кос Трымцяць ліловыя прасторы, І вось, нібы ў зялёным моры, Плыве бухматы воз. Крапіва.

бухма́ціцца, ‑ціцца; незак.

Разм. Рабіцца пышным, пушыстым.

бу́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.

Разм. Грузна з шумам упасці; грымнуцца, кінуцца. Раздзеўшыся, Косця бухнуўся, як нежывы, у пасцель, але заснуць не мог. Адамчык. Маці, як стаяла, каменем бухнулася ў ногі [жаўнеру]. Якімовіч. З гнязда пад дахам птушаня малое, Няўседлівае, выйшла на карніз, Слабыя крылы. Ледзьве ўзняло іх, І — от прыгода! — бухнулася ўніз. Калачынскі.

бу́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. Утварыць глухі адрывісты гук; грымнуць. Раптам бухнуў гарматны стрэл. Шамякін. І далёка за чаротам Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай. Колас. Запішчала скрыпка, заліўся гармонік, бухнуў барабан — маладых, як толькі яны паказаліся ў канцы сяла, сустракалі з маршам. Васілевіч. // Раздацца, пачуцца нечакана, з сілай. Бухнуў рогат. // З сілай вырвацца, памкнуцца. Яму [Сымону] усё цёмна, невядома... І раптам бачыць — бухнуў дым, Як вата белы, а за ім Агонь прарваўся з-пад саломы. Колас.

2. Стукнуць, ударыць; стрэліць. Матрос яшчэ раз бухнуў у дзверы і раптам заціх, прысеў побач са Сцёпкам, уздыхнуў. Хомчанка. Не спяшаючыся, адчыніў [шафёр] дзверцы, вылез з кабіны, бухнуў нагою па пакрышцы, чакаючы, пакуль падыдуць пасажыры. Скрыган. [Аляксей:] — Адыдзіце ад акна, а то яшчэ каменнем дадуць. А могуць і з абрэза бухнуць. Сабаленка.

3. каго-што. З сілай кінуць. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог. Колас.

4. безас. у знач. вык. Ударыць, стукнуць, грымнуць. — Бах! — гулка бухнула дзесьці непадалёку. Хомчанка.

5. Тое, што і бухнуцца. Бухнуць у ваду. □ Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану. Колас. Галодны і стомлены за ўсе гэтыя дні, не прыглядаючыся да месца, я, што нежывы, бухнуў у лазу тут жа ля берага. Адамчык.

6. Уліць, усыпаць, укінуць адразу ў вялікай колькасці. Бухнуць солі ў суп. Бухнуць вядро вады ў кацёл. Бухнуць усё масла ў кашу.

7. перан. Сказаць, зрабіць што‑н. нечакана, неабдумана. Яна ў тэатры спявае, і нават яму прыносіла білет у тэатр, дык ён, дурань, бухнуў, што нічога не разумее ў гэтых яе операх. Васілевіч.

бу́хнуць 2, ‑не; пр. бух, бухла; незак.

Пашырацца, павялічвацца ў аб’ёме ад вільгаці; разбухаць. Зямля вохкала пад нагамі, стагнала, бухла. Бядуля.

бу́хта 1, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

1. Невялікі марскі заліў, прыгодны для стаянкі суднаў. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў.

2. Абл. Глыбокае месца ў рэчцы. І ёсць загадка такая: Ні смяецца, ні гукае, Жыве ў бухце пад ракітай, На ім світа, Ды не сшыта. Колас.

[Ням. Bucht.]

бу́хта 2, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Вялікі скрутак дроту, каната і пад. Калгаснікі, убачыўшы.. прывезеныя Дзямідам Сычам турбіны і генератар, цяжкія бухты меднага дроту, кінуліся на пошукі электрычнага шнура. Паслядовіч.

[Гал. bocht.]

бухто́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Настройваць, узнімаць каго‑н. на якія‑н. дзеянні; падбухторваць, баламуціць. [Рыль:] — Я згодзен, толькі не ведаю, што дзядзька надумаўся. — [Талаш:] — Народ збіраць, бухторыць яго на вялікае рушэнне супраць катаў, гвалтаўнікоў. Колас.

бу́хты-бара́хты,

У выразе: з бухты-барахты — раптоўна, не падумаўшы, ні з таго ні з сяго. Ды і не пакінеш бюро з бухты-барахты, тым больш яго [Кузняцова] як старшыню прыводзілі ў прыклад. Пташнікаў.