бухнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
Разм.
1. Утварыць глухі адрывісты гук; грымнуць. Раптам бухнуў гарматны стрэл. Шамякін. І далёка за чаротам Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай. Колас. Запішчала скрыпка, заліўся гармонік, бухнуў барабан — маладых, як толькі яны паказаліся ў канцы сяла, сустракалі з маршам. Васілевіч. // Раздацца, пачуцца нечакана, з сілай. Бухнуў рогат. // З сілай вырвацца, памкнуцца. Яму [Сымону] усё цёмна, невядома... І раптам бачыць — бухнуў дым, Як вата белы, а за ім Агонь прарваўся з-пад саломы. Колас.
2. Стукнуць, ударыць; стрэліць. Матрос яшчэ раз бухнуў у дзверы і раптам заціх, прысеў побач са Сцёпкам, уздыхнуў. Хомчанка. Не спяшаючыся, адчыніў [шафёр] дзверцы, вылез з кабіны, бухнуў нагою па пакрышцы, чакаючы, пакуль падыдуць пасажыры. Скрыган. [Аляксей:] — Адыдзіце ад акна, а то яшчэ каменнем дадуць. А могуць і з абрэза бухнуць. Сабаленка.
3. каго-што. З сілай кінуць. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог. Колас.
4. безас. у знач. вык. Ударыць, стукнуць, грымнуць. — Бах! — гулка бухнула дзесьці непадалёку. Хомчанка.
5. Тое, што і бухнуцца. Бухнуць у ваду. ▪ Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану. Колас. Галодны і стомлены за ўсе гэтыя дні, не прыглядаючыся да месца, я, што нежывы, бухнуў у лазу тут жа ля берага. Адамчык.
6. Уліць, усыпаць, укінуць адразу ў вялікай колькасці. Бухнуць солі ў суп. Бухнуць вядро вады ў кацёл. Бухнуць усё масла ў кашу.
7. перан. Сказаць, зрабіць што‑н. нечакана, неабдумана. Яна ў тэатры спявае, і нават яму прыносіла білет у тэатр, дык ён, дурань, бухнуў, што нічога не разумее ў гэтых яе операх. Васілевіч.
бухнуць 2, ‑не; пр. бух, бухла; незак.
Пашырацца, павялічвацца ў аб’ёме ад вільгаці; разбухаць. Зямля вохкала пад нагамі, стагнала, бухла. Бядуля.