бу́лачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да булачных вырабаў.
2. у знач. наз. бу́лачная, ‑ай, ж. Магазін, у якім прадаюцца хлеб, булкі і кандытарскія вырабы.
булдаве́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Тое, што і булавешка. У правай руцэ ў яе была тоўстая чорная палка з нейкай адмысловай белай булдавешкаю — раней Таццяна чамусьці не заўважыла ў бабулі гэтай палкі. Васілёнак.
булён, ‑у, м.
1. Нічым не запраўлены мясны адвар. [Гаспадыня:] — Вы будзеце есці курыны булён? Гартны.
2. Бульбяны суп, засквараны салам. Дзед Лукаш чысціў бульбу — збіраўся варыць булён. Якімовіч.
[Фр. bouillon.]
булённы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да булёну. Булённае мяса.
булі́т, ‑а, М ‑ліце, м.
У гульні ў хакей з шайбай — штрафны ўдар з ходу па варотах праціўніка.
[Англ. bullet — літаральна — куля.]
бу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Невялікі хлеб з пшанічнай мукі, белы хлеб. Бегалі па вуліцы дзеці то з булкамі, то з цукеркамі. Гартны.
2. Тое, што і буханка. На паліцы ляжалі дзве булкі хлеба. Чорны. [Шашура] палажыў на калені Краўца булку хлеба і круг каўбасы. Мележ.
бу́льба, ‑ы, ж.
1. Аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых. Адганяць бульбу. □ [Лабановіч] радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы. Колас.
2. зб. Падземныя клубні гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як харч, корм і сыравіна. Абіраць бульбу. Капаць бульбу. Кармавая бульба. Насенная бульба. Сопкая бульба. // Страва, прыгатаваная з клубняў гэтай расліны. Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Запахла бульбай. Мележ.
3. Назва беларускага народнага танца. Дружна будзем на сцэне «Бульбу» мы танцаваць. Нядзведскі.
•••
Бульба ў мундзірах — звараная з лупінамі бульба. Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.
бульба...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «бульба», напрыклад: бульбакапалка, бульбасаджалка.
бульбаапрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да апрацоўкі бульбы. Бульбаапрацоўчая прамысловасць.