Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

баваўнасе́яльны, ‑ая, ‑ае.

Які займаецца сяўбой і вырошчваннем бавоўны. Баваўнасеяльны калгас.

баваўнатка́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які вырабляе тканіну з бавоўны. Баваўнаткацкая фабрыка.

баваўні́ца, ‑ы, ж.; зб.

Пража, ніткі з бавоўны.

баваўні́чны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з баваўніцы. Баваўнічная аснова.

баваўня́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Тканіна з бавоўны. Гандляры спрытна маталі на медны аршын вішнёвыя і белыя сукны. Свістаў, па-змяінаму павіваючыся ў паветры, шоўк. Паўзла шарсцянка, і весела бегала баваўнянка. Караткевіч.

баваўня́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Выраблены з бавоўны. Баваўнянае валакно. Баваўняная пража, тканіна.

2. Звязаны з перапрацоўкай бавоўны як сыравіны. Баваўняная прамысловасць.

ба́венне, ‑я, н.

Разм. Гулянне, забавы. Усё цяпер адбывалася ў палацы культуры: не толькі святочныя бавенні, але і сходы, і нарады. Дуброўскі.

ба́віцца, баўлюся, бавішся, бавіцца; незак.

Разм.

1. Доўга затрымлівацца дзе‑н., марудзіць. — Ты не баўся, дачушка, — папрасіла маці, калі Ганна выйшла. Гартны.

2. Знаходзіцца дзе‑н., праводзіць час. Улетку цэлымі днямі бавіўся на рэчцы. Бачыла. // Гуляць, забаўляцца. І ўсюды — ці дзядзька працуе, ці бавіцца з дзецьмі — ён бясконца добры і ласкавы. Клімковіч.

ба́віць, баўлю, бавіш, бавіць; незак.

Разм.

1. што. Праводзіць час за якім‑н. малаважным заняткам, у доўгіх гутарках, забавах. Пасля марозу дзённых дарог добра было чуць цяпло хаты, бавіць вечары на вячорках з дзяўчатамі, у гаворках з таварышамі. Мележ. Перакідваліся то жартам, то нязначным, пустым словам. Бавілі час, як ўмелі. Асіпенка. // Бескарысна траціць (час). Сілівон сядзеў на ахапку сухой асакі і, каб марна не бавіць час, выстругваў зуб’е для грабляў. Лынькоў. // Марудзіць, цягнуць (час). Бацька прыдзірліва сочыць, каб Юзік не ўставаў на наскі, знарок бавіць хвіліну і нарэшце .. здымае мерку. Хадановіч.

2. каго-што. Забаўляць. І нас, дзяцей, ён бавіў, як малых. Хведаровіч. // Весяліць, цешыць. Суседку нават бавіла бездапаможнасць Нюсі. Пестрак. У дзяцінстве апавядаюць казкі, і бавяць хлапечы розум у гэтых казках прыгожыя князёўны. Мікуліч.

баво́ўна, ‑ы, ж.

1. Тое, што і бавоўнік.

2. Ватападобнае валакно, якое ідзе на выраб пражы, цэлюлозы і пад.