ба́віць, баўлю, бавіш, бавіць; незак.
Разм.
1. што. Праводзіць час за якім‑н. малаважным заняткам, у доўгіх гутарках, забавах. Пасля марозу дзённых дарог добра было чуць цяпло хаты, бавіць вечары на вячорках з дзяўчатамі, у гаворках з таварышамі. Мележ. Перакідваліся то жартам, то нязначным, пустым словам. Бавілі час, як ўмелі. Асіпенка. // Бескарысна траціць (час). Сілівон сядзеў на ахапку сухой асакі і, каб марна не бавіць час, выстругваў зуб’е для грабляў. Лынькоў. // Марудзіць, цягнуць (час). Бацька прыдзірліва сочыць, каб Юзік не ўставаў на наскі, знарок бавіць хвіліну і нарэшце .. здымае мерку. Хадановіч.
2. каго-што. Забаўляць. І нас, дзяцей, ён бавіў, як малых. Хведаровіч. // Весяліць, цешыць. Суседку нават бавіла бездапаможнасць Нюсі. Пестрак. У дзяцінстве апавядаюць казкі, і бавяць хлапечы розум у гэтых казках прыгожыя князёўны. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)