аза́ддзе, ‑я, н., зб.
1. Тое, што і пазаддзе.
2. Тое, што знаходзіцца, цягнецца ззаду.
азакеры́т, ‑у, М ‑рыце, м.
Мінерал, які напамінае з выгляду пчаліны воск і ўжываецца для вырабу мазяў, крэмаў і пад.; горны воск.
[Ад грэч. ozō — пахну і kēros — воск.]
азакеры́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да азакерыту, уласцівы азакерыту.
азалаці́цца, ‑лачуся, ‑лоцішся, ‑лоціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асвяціўшыся, набыць залацісты колер, адценне. З-пад ног узняўся, затрапятаў на вачах жаўрук, засвяціўся раптам на чырвоных промнях сонца, азалаціўся Мыслівец. // Набыць жоўты, залацісты колер; пажоўкнуць. Надышла восень і парк азалаціўся.
2. перан. Нажыцца, разбагацець. Хто мае здольнасць, сілы, рукі І гаспадарскія навукі, Той азалоціцца, мужчынкі! Прыдбае хлеба і скацінкі І будзе жыць ён сабе панам І складваць грошы чыстаганам. Колас. [Ціток:] — Каб нам з вамі.. дзесятую долю таго, што агроб наш Іван, то мы б з вамі, пане мой, азалаціліся б. Лобан.
азалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.
1. Асвяціўшы, надаць чаму‑н. залацісты колер, адценне. Сонца к небасхілу Паспяшала рупна на спакой начны І у раз апошні лес азалаціла... Гурло. // Зрабіць пажоўклым; пазалаціць. Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу. Чорны.
2. Разм. Шчодра ўзнагародзіць. [Лазука:] — Дык я ж і кажу, што гэты лён азалаціў і наш калгас, і нас саміх. Сабаленка. [Парторг:] — Тут у аднаго дзядзькі ёсць у садку з паўдзесятка дрэў, дык яны яго азалацілі. Бялевіч.
азале́лы, ‑ая, ‑ае.
Змерзлы, азяблы. Я палажыў свае азалелыя рукі на.. [Нініны] нешырокія плечы і маўчаў. Мыслівец. Грукае дзяцел у азалелы ствол. Барадулін. Трывожна сцяўся азалелы ранак. Бічэль-Загнетава.
азале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Змерзнуць, азябнуць.
аза́лея, ‑і, ж.
Паўднёвая дэкаратыўная кустовая расліна сямейства верасовых з жоўтымі і інш. кветкамі. Недалёка ад вёскі Замошша, каля Жыткавіч, ёсць участак зямлі з раслінай, узрост якой, па сцвярджэнні вучоных, мільён гадоў. Гэта пантыйская азалея — старажытная і амаль усюды вымерлая расліна. А тут на невялікім кавалачку палескай зямлі яна захавалася. «Звязда».
[Ад грэч. azaleos — сухі.]
азало́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад азалаціць.
азанава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. азанаваць.