ле́ннік, ‑а, м.
Гіст. Васал, які атрымаў лен.
ле́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лена, звязаны з ленам, з яго уладаннем. Леннае права. Ленная залежнасць. Леннае ўладанне.
ле́нтачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ленты. Лентачная фабрыка. // Зроблены з ленты (лентаў).
ле́нчык, ‑а, м.
Спец. Драўляная аснова кавалерыйскага сядла.
ле́ны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Лянівы. Варушацца леныя птахі, чысцяць дзюбы аб цёплыя нахохленыя грудзі. Пташнікаў. Неўзабаве ў завулку пачуўся лены брэх, відаць, старога сабакі. Гурскі.
ле́пей, прысл.
Разм. Тое, што і лепш. — Рашайце, госці, самі, — раптам сказала [Антаніна Міхайлаўна]: — Ці тут мы сядзем за стол, ці можа лепей пойдзем у садок пад грушку? Колас. У гасцях добра, а дома лепей. Прыказка.
ле́пет, ‑у, М ‑пеце, м.
Няскладная, невыразная мова дзіцяці. Лепет дзяцей напоўніў пакой. // Лёгкая, несур’ёзная размова; балбатня. Сваім лепетам Марта ажывіла хату. Гартны. // Невыразная, непераканаўчая гаворка, разважанне, тлумачэнне і пад. — Ты.. наглядай добра за вокнамі і дзвярыма, — загадаў .. [начальнік] чырвонаармейцу і накіраваўся ў хату, не зважаючы на лепет старшыні сельсавета. Крапіва.
•••
Дзіцячы лепет — пра што‑н. вельмі бездапаможнае, па-дзіцячаму наіўнае.
ле́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. ляпіць (у 1 знач.). // Пра характар, якасць апрацоўкі, выяўлення аб’ёмнасці (скульптуры, карціны, малюнка). Цудоўная лепка.
2. Тое, што вылеплена. Нарада адкрылася ў прыгожай утульнай зале з двух’яруснымі балконамі, з адмысловай лепкай на сценах. Хадкевіч.