верашча́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. верашчаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
верашча́ць, ‑шчу́, ‑шчы́ш, ‑шчы́ць; незак.
Віскліва з пералівамі пішчаць, гучаць; трашчаць, стракатаць. — Як то можа быць! — верашчаў ён [прамоўца] пісклявым, але рэзкім, чутным голасам. Гарэцкі. На фурманках парасяты ў мяшках верашчаць, кудах[чуць] куры ў кошыках. Галавач. Недзе паблізу лязгалі буферы, пасвістваў манеўравы паравоз-кукушка, верашчаў свісток счэпшчыка. Карпаў.
вербава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вербаваць.
вербава́цца, вярбуюся, вярбуешся, вярбуецца; незак.
1. Наймацца на працу, службу.
2. Зал. да вербаваць.
вербава́ць, вярбую, вярбуеш, вярбуе; незак., каго.
Набіраць, наймаць людзей на якую‑н. працу, схіляць да ўступлення ў якую‑н. арганізацыю. Вербаваць рабочых на лесараспрацоўкі. □ Школа існавала ўжо некаторы час, але карысці з яе не было, бо людзі, якія ў ёй вучыліся, кідалі гэтую нязвыклую ім справу, ледзьве пабыўшы ў ёй тыдзень або найбольш два. Вербавалі тады новых «вучняў». Чорны. Прысуду і кары яшчэ патрабуем Злачынцам праклятым, што ночы і дні Разбой ухваляюць, забойцаў вярбуюць Да новай крывавай сусветнай вайны. Танк.
[Ад ням. werben — шукаць, дамагацца.]
вербало́з, ‑у, м.
Куст ці дрэва сямейства вярбовых. Кусты вербалозу на берагах стаялі ўжо голыя. Карпаў. Дзесьці залівалася баязліва жаўна, ды ў вербалозах цяжка стагнаў гурок. Хомчанка.
вербало́завы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да вербалозу. Вербалозавы куст, дубец. // Зроблены з вербалозу. Вербалозавы кошык.
вербало́ззе, ‑я, н., зб.
Разм. Кусты вербалозу. На алешніку вытыкаліся ліпкія лісточкі, а на вербалоззі гулі пчолы, п’ючы сок з салодкіх коцікаў. Ермаловіч.
вербало́зіна, ‑ы, ж.
Разм. Галінка, куст вербалозу. Прывал быў зроблены на грудку, каля раскідзістай вербалозіны. Чарнышэвіч.
вербало́знік, ‑у, м.
Тое, што і вербалоз; зараснікі вербалозу. Шуміць вада, дзе-нідзе відаць куп’ё ды стаіць голы вербалознік. Дуброўскі. Вербалозніку раней тут было многа, а цяпер толькі адзін нізкі куст.. быў відзён на супрацьлеглым беразе. Кулакоўскі.