Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

турбапо́мпа, ‑ы, ж.

Агрэгат, які складаецца з помпы і турбіны, што прыводзіць помпу ў дзеянне.

турбарэакты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім сіла рэактыўнага руху спалучаецца з работай газавай турбіны. Турбарэактыўны самалёт.

турбахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Судна, якое прыводзіцца ў рух паравой або газавай турбінай.

турба́цыя, ‑і, ж.

Разм. Турбота, клопат. — Калі пан ужо верне нам затокі, мы прынясём самай лепшай рыбы нашаму настаўніку за турбацыю, — гаворыць дзядзька Есып. Колас. [Сомік:] — За тваю турбацыю я табе аддзякую, я дарэмна не хачу. Крапіва. [Караль:] — Эх, дзеткі .. Столькі турбацыі пакладаецца бацькамі, .. пакуль вас у людзі вывесці. Гартны. Аддаў поп пану грошы. — Вось яны, — кажа. — Давайце мне цяпер за турбацыю [тое], што дакляравалі. Якімовіч.

турбі́на, ‑ы, ж.

Рухавік, які ператварае кінетычную энергію вады, пары, газу ў механічную работу. Газавая турбіна. Паравая турбіна. □ Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын, толькі на рэчцы глуха грукала турбіна і шумела вада. Шамякін. Стары ўспомніў дзень, калі турбіна загула. Вялюгін.

[Фр. turbine.]

турбі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да турбіны. Турбінныя лопасці. Турбінны завод. □ І сёння забурліла Рэчка Моўчадзь. Турбінны гул Здалёк цяпер чуваць. Шымук. // Які дзейнічае, працуе пры дапамозе турбіны. Турбінная помпа. Турбінны паравоз.

турбі́ншчык, ‑а, м.

Той, хто будуе турбіны, працуе на турбіне.

турбо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Заклапочанасць чым‑н., неадольнае жаданне ажыццявіць што‑н. Больш за дзесяць гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб .. [Коласе] аповесць. Лужанін. Турбота аб механізацыі — гэта ў першую чаргу турбота аб цукровых бураках. На буракі хціва нападае рознае зелле. Пестрак. // Пастаянная руплівасць. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Колас. Калі над мужам навісала якая-небудзь бяда, — [Вера Антонаўка] рабілася адданай, поўнай турбот і клопатаў аб ім. Карпаў. // Неспакой. Гену ўсё больш брала турбота, што ў матчынай сяброўкі свой клопат, а яна ходзіць з ім, нечаканым госцем. Арабей.

2. звычайна мн. (турбо́ты, ‑бот). Клопаты, розныя справы. Ці мала ў .. [Паходні] турбот: паездка ў адстаючы сельсавет па заданню райкома, чарговая лекцыя ў палітшколе або даклад перад калгаснікамі. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Ходзіць вецер вясёлы па санных шляхах, Мусіць, пільныя мае турботы — Снег атрэсці з дрымучых лясоў, на палях Разбурыць снегавыя сумёты. Ляпёшкін. // Прычыненне каму‑н. клопату сваім наведваннем, просьбай. [Жэня:] — Дзякую, гаспадыня, прашу прабачыць за турботы. Новікаў. Не разумеў я, чаму лычка кілбасы бацька аддае гаспадыні .. — За турботы, панечка, — тлумачыў бацька. І калі забірала гаспадыня тую кілбасу, бацька ўздыхаў, і я зноў не разумеў: ад радасці гэта ці ад смутку. Скрыган. // Работа, занятак. Мазалі і таўшчыня былі яркім наказам таму, ці пальцы мелі многа турботы ў нялюбай падзённай працы. Бядуля. Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць. Мележ.

турбо́тлівасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць турботлівага. На пастарэлы твар маці, падобны вельмі да сынавага, паплыла турботлівасць з налётам ледзь прыкметнага гневу. Пестрак.

турбо́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і турботны. [Андрэй] услухоўваўся ў тон яе [Вольгі] голасу — нейкі турботлівы, з ноткамі захаплення. Пестрак.