Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лака́тарны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да лакатара. Лакатарная ўстаноўка. // Прызначаны для лакацыі. Лакатарны шукальнік.

лака́таршчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і радыёметрыст.

лака́ут, ‑а, М ‑уце, м.

Закрыццё прадпрыемства з адначасовым масавым звальненнем рабочых як адна з форм класавай барацьбы буржуазіі супраць рабочага класа. На некаторых заводах быў абвешчаны лакаут і агульны разлік рабочых. Гартны.

[Англ. lock out — замыкаць дзверы перад кім‑н.]

лакаутава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго.

Аб’явіць (аб’яўляць) лакаут каму‑н., звольніць (звальняць) у выніку лакаута.

лака́утчык, ‑а, м.

Той, хто аб’яўляе лакаут.

лакафа́рбавы, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для вырабу лакаў і фарбаў, звязаны з іх вырабам. Лакафарбавая сыравіна. Лакафарбавая вытворчасць. // Які складаецца з лакаў і фарбаў. Лакафарбавае пакрыццё.

лакацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да лакацыі. Лакацыйны перадатчык.

лака́цыя, ‑і, ж.

Спец. Вызначэнне месцазнаходжання аб’екта з дапамогай лакатара.

лаке́й, ‑я, м.

1. Дамашні слуга пры панах; слуга ў гасцініцы, рэстаране і пад. (у памешчыцкім і буржуазным асяроддзі).

2. перан. Неадабр. Чалавек, які выслужваецца, падхалімнічае, ліслівіць.

[Фр. laquais.]

лаке́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Неадабр.

1. Быць, служыць лакеем.

2. перан. Выслужвацца, падхалімнічаць, ліслівіць. Ідучы праз залу рэстарана, Асташонак спыніўся каля афіцыянткі і гучна прамовіў: — Як вам не сорамна! На падачках у тых трутняў жывяце... Лакейнічаеце! Ваданосаў.