душагу́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Жан. да душагуб.
2. Разм. Вузкі няўстойлівы рыбацкі човен. Адхонны бераг Ніны застаўлен чаўнамі і чайкамі-душагубкамі. Колас.
3. Разм. Спецыяльна абсталяваная аўтамашына, якой карысталіся нямецкія фашысты для масавага знішчэння людзей атрутным газам.
душагу́бства, ‑а, н.
Разм. Забойства, ліхадзейства.
ду́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад душыць 1.
2. Пашкоджаны, расплюшчаны ціскам. Душаныя слівы.
душапрыка́зчык, ‑а, м.
У дарэвалюцыйнай Расіі — асоба, на якую завяшчальнік ускладваў выкананне завяшчання.
ду́шачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Памянш.-ласк. да душа (у 1, 2 знач.). — Ой, была жанчына, няхай са святымі супачывае яе душачка! Колас.
душашчыпа́льны, ‑ая, ‑ае.
Разм. іран. Сентыментальны, чуллівы (пра музыку, прамову і пад.). Душашчыпальны раманс.
ду́шна, безас. у знач. вык.
Пра наяўнасць духаты дзе‑н. У падвале стала яшчэ больш горача і душна. Карпаў. У паветры пахла гарэлымі анучамі, гаркаватым дымам. Было душна, як у печы. Бядуля. // каму. Пра адчуванне духаты кім‑н. Пасля чаю зрабілася душна. Валатовіч зняў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла. Шамякін.
душнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Крыху душны. Душнаватае надвор’е.
душната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
Разм. Тое, што і духата. Васіль жа па праву госця сягоння амаль нічога не рабіў, таму не адчуваў і асаблівай душнаты. Кулакоўскі.