стро́кат, ‑у, М ‑каце, м.
Рэзкія кароткія і частыя, падобныя на трэск гукі, якія ўтвараюць насякомыя і некаторыя птушкі. [Восы] ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў. Лынькоў. Вось з яго, гэтага строкату конікаў, пчалінага звону і шапацення траў складалася песня лета. Грамовіч. / Пра гукі, якія ўтвараюцца маторам, кулямётам і пад. Зранку строкатам касілак Абудзіў лугі народ. Бялевіч. Цішыню ўскалыхнуў дружны строкат кулямётаў. Сіняўскі. // перан. Хуткая несціханая гутарка, балбатня. Быў спалоханы строкат — і охі, і ахі, калі вярнулася з бульбай кухарка; было вялікае здзіўленне на аднолькава поўных і разгубленых тварах стандартных братоў, — нага палоннага распухла яшчэ больш. Брыль.
стро́ма 1, ‑ы, ж.
1. Круты схіл, абрыў. На самай бязлеснай верасовай наддарожнай строме высілася на старасвецкім камені-пастаменце мускулістая, упартая і магутная фігура спалоханага лася — жыхара беларускіх лясоў. Пташнікаў. [Іван] толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы. Быкаў. Няма на імшарах палескіх Скалістых аснежаных стром... Аўрамчык.
2. Месца ў рацэ, дзе цячэнне асабліва імклівае. Строма ракі блішчэла, як друз шкла. Ваданосаў. Згадалася Ганне, як калісьці школьная настаўніца вучыла плаваць яе, малую, бо яна ніяк не адважвалася плысці на строму. Дубоўка. Люблю лясоў зялёных гоман, Крыштальны звон тваіх крыніц, І плынных рэк віры і стромы, І сполахі начных зарніц. Валасевіч. / у перан. ужыв. Трапіўшы ў людскую строму, Краўчанка апынуўся ў канцэртнай зале. Мікуліч. Жанчына накіроўвала кіпучую строму рабочых слоў. Чорны.
стро́ма 2, прысл.
1. Прама ўверх, перпендыкулярна. Цёмнай стужкай дарога клалася ўзбоч лесу, выгіналася крукам на полі, потым строма паўзла ўгару. Савіцкі. Белыя кроны строма вырысоўваліся на фоне яшчэ не зусім сцямнелага неба, нагадвалі купал старажытнай вежы. Дуброўскі. [Вася] паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. Навуменка.
2. перан. Рэзка, рашуча. Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў акно. Гартны.
стро́місты, ‑ая, ‑ае.
Круты, абрывісты. Стромісты бераг.
стро́мкі, ‑ая, ‑ае.
1. Круты, абрывісты. Заходні бераг — высокі і стромкі — быў вельмі выгадны для абароны. Мележ. У мяне, здаецца, моцна калацілася сэрца, калі я падымаўся па стромкай чыгуннай лесвіцы некуды пад самы дах. Асіпенка. / у перан. ужыв. Пішы заметкі, карэспандэнцыі, надрукуй нават нарыс — ты прайшоў яшчэ не ўсё, стромкіх і цяжкіх вяршынь ты яшчэ не дасягнуў. Навуменка.
2. Роўны і высокі. На агромністай пасецы-плешыне, акружанай магутнай сцяной старога лесу, выступалі з травы вялізныя пні старадрэвін,.. сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Колас. З канца вуліцы, за ракою, дзе адкрываецца шырокі прастор палёў, як вялікі куст стогадовых ліп, абнесены жываплотам з ялін і стромкіх таполяў, відзён быў той самы хутар Тамарын. Лобан.
стро́мы, ‑ая, ‑ае.
Вельмі круты. Скалісты, ззаду асветлены прам[янямі] бераг быў стромы, як сцяна, высокі — больш за дзвесце метраў. Брыль. Рака ўвесь час пятляе, па абодва бакі яе шырокія заліўныя лугі. На заваротах — адзін бераг нізкі, пясчаны, другі — стромы, круты. Сачанка. [Дзеці] павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон. Караткевіч.
стро́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
Прэснаводная рыба сямейства ласасёвых з чырвонымі і чорнымі плямамі, якая водзіцца пераважна ў горных рэчках і азёрах; фарэль. З абрыву крутога Спускаўся [мядзведзь] к вірам, Дзе разгульвае стронга. Калачынскі. [Міша:] — Сямёнаў-Цян-Шанскі адзначае, што ў Беларусі толькі на Навагрудчыне ды на Мінскім узвышшы ў крынічных рачулках захавалася стронга. Ёй патрэбна ледзяная вада. У. Калеснік.
стро́нгавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стронгі.
стро́нцыевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сваім саставе стронцый. Стронцыевае злучэнне.
стро́нцый, ‑ю, м.
Хімічны элемент, лёгкі серабрыста-белы метал, радыеактыўныя ізатопы якога выкарыстоўваюцца ў тэхніцы і лабараторных работах.
[Лац. strontium.]