ме́лкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае невялікую глыбіню; проціл. глыбокі. Зямля падсыхала, рэкі рабіліся мелкімі і вузейшымі. В. Вольскі. // Які робіцца на нязначную глыбіню. Мелкае ворыва. // Размешчаны на невялікай глыбіні, недалёка ад паверхні. Недалёчка ад берага стаяў нізенькі зруб. Там біла крыніца. Калі ўгледзішся ў яе мелкае дно, відаць, як кіпіць там вада. Лынькоў.
2. З нізкімі краямі, з меншай глыбінёй у параўнанні з іншымі аднароднымі прадметамі. Мелкая талерка. Мелкія галёшы.
мело́дыка, ‑і, ДМ ‑дыцы, ж.
1. Сукупнасць меладычных сродкаў, уласцівых якому‑н. твору, творчасці народа, аўтара. Паэтычная сціпласць і выразнасць, мелодыка і гнуткасць верша складаюць аснову народнасці мовы Тараса Шаўчэнкі. Палітыка.
2. Вучэнне аб мелодыі.
мело́дыя, ‑і, ж.
1. Заканамерная паслядоўнасць гукаў, якая ўтварае пэўнае музычнае адзінства; напеў, матыў. Павольная, поўная велічнай гармоніі мелодыя гучыць у зале. Мележ. Слоў яшчэ не было — нараджалася адна мелодыя, але за ёй павінны былі з’явіцца і словы. Хадкевіч. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка.
2. Музыкальнасць, меладычнасць. Мелодыя верша. □ І заснеш пад мелодыю слоў Сном аратага — ціхім, шчаслівым. Будзеш сніць аб прасторах палёў, Аб сваіх пазалочаных нівах. Тарас.
[Ад грэч. melōdia — напеў, песня.]
мель, ‑і, ж.
Неглыбокае месца ў рэчцы, возеры або моры, небяспечнае для суднаходства. На мелі, прыціскаючыся да пясчанага дна, чародкамі плавалі шэрыя печкуры. Гурскі.
•••
Сесці на мель гл. сесці.
ме́лькам, прысл.
1. (у спалучэнні з дзеясл.: «бачыць», «глянуць» і пад.). Нядоўга, імгненна. Хацелася яшчэ раз хоць мелькам зірнуць .. [Мілоўскаму] у твар. Галавач.
2. Няўважліва, бегла, мімаходам. Лапыр мелькам зірнуў на загалоўкі, больш уважліва — на друкаваныя подпісы і ўжо з нейкай павагай вярнуў выразкі гаспадару. Паслядовіч. [Мірон Іванавіч] мелькам зірнуў на ходзікі: быў пачатак чацвёртай гадзіны. Лынькоў.
ме́льнік, ‑а, м.
Тое, што і млынар. [Аканом:] — У мяне млын стаіць. Мельнік памёр. Бярыся, калі хочаш, малоць. Умееш? Чорны.
ме́льнічыха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.
Разм. Жонка мельніка.
мельхіёр, ‑у, м.
Сплаў медзі з нікелем серабрыстага колеру.
[Ням. Melchior.]
мельхіёравы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з мельхіёру. Мельхіёравая лыжка.