Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лака́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць лакальнага.

лака́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы толькі пэўнаму месцу; абмежаваны, мясцовы. Лакальныя асаблівасці быту. Лакальныя войны. □ Рэвалюцыйная сітуацыя мела лакальныя тэндэнцыі і не магла вывесці паўстання за межы рыбацкіх раёнаў. У. Калеснік.

2. У жывапісе — асноўны, характэрны для данага прадмета (пра колер, тон). Лакальны колер.

[Лац. localis.]

лакамабі́ль, ‑я, м.

Паравая перасоўная або стацыянарная ўстаноўка, якая прыводзіць у рух розныя машыны; паравік. Бадзёра і рупліва тахкае лакамабіль калгаснай электрастанцыі. Брыль. Лакамабіль быў ужо зношаны, старое маркі, адрамантаваць яго было нялёгка. Чарнышэвіч.

[Фр. locomibile ад лац. locus — месца і mobilis — рухомы.]

лакамабі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лакамабіля. Лакамабільны кацёл.

лакаматы́ў, ‑тыва, м.

Машына (паравоз, цеплавоз, электравоз і пад.) для перамяшчэння па рэйках вагонаў, цыстэрнаў, платформаў і пад. Па пуцях рушыў вялікі .. лакаматыў, цяжка пыхкаючы адпрацаванай парай. Васілёнак.

[Фр. locomotive ад лац. loco moveo— рухаю з месца.]

лакаматы́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лакаматыва. Лакаматыўны парк. // Звязаны з абслугоўваннем лакаматыва, лакаматываў. Лакаматыўная брыгада.

лакані́зм, ‑у, м.

Гранічная і дакладная сцісласць (выказвання, выражэння). Лаканізм апісання. □ Лаканізм уступу, яго дзелавы тон падкрэслівае пашыранасць апісанага факта. У. Калеснік. Лепшым байкам.. [Крапівы] уласцівы выразнасць ідзі, стройнасць кампазіцыйнага рашэння, лаканізм формы. Гіст. бел. сав. літ.

[Грэч. lakonismos.]

лакані́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць лаканічнага; кароткасць, немнагаслоўнасць. Лаканічнасць адказаў. Лаканічнасць прамовы.

лакані́чны, ‑ая, ‑ае.

Сціслы і дакладна выказаны, выражаны; немнагаслоўны. Лаканічны стыль. Лаканічны адказ. □ Пісьмо было простае, кароткае, лаканічнае. Чорны.

лака́тар, ‑а, м.

Спец. Апарат для вызначэння месцазнаходжання аб’екта з дапамогай адбітых ад яго гукавых або электрамагнітных хваль. Экран лакатара. Лазерны лакатар.

[Ад лац. locare — размяшчаць, змяшчаць.]