Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

контр-адміра́л, ‑а, м.

Першае (малодшае) воінскае адміральскае званне. // Асоба, якая мае гэта званне.

контр-адміра́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да контр-адмірала, належыць яму. Контр-адміральскае званне. Контр-адміральскія пагоны.

ко́нтур, ‑у, м.

Абрыс, лінія, якая ачэрчвае форму прадмета. Контуры гор вырысоўваліся на гарызонце. Начарціць контуры цела. □ Доўгія стракатыя цені трацілі свае контуры, мякчэлі, расплываліся і знікалі. Дуброўскі.

[Фр. contour.]

ко́нтурны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да контуру. Контурны рысунак.

•••

Контурная карта гл. карта.

Контурная лінія гл. лінія.

ко́нус, ‑а, м.

Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем прамавугольнага трохвугольніка вакол аднаго з яго катэтаў. Бакавая паверхня конуса. Поўны конус. Усечаны конус. Вышыня конуса. // чаго. Пра ўсякі прадмет, які па форме нагадвае такое геаметрычнае цела. Конус патухлага вулкана. □ Праплываюць [міма вокнаў вагона] сенажаці з конусамі стагоў, чарнеюць свежаўзараныя загоны. Шахавец.

конусападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму конуса, падобны да конуса. Конусападобная гара. Конусападобнае збудаванне.

ко́нусны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да конуса.

2. Які мае форму конуса; канічны. Конусная вежа.

ко́нча, прысл.

Абл. Абавязкова. Група салдат і Святлана з Зінай апынуліся ў тылу ворага. Усе салдаты былі паранены. Трэба было конча схавацца. Скрыган.

ко́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кончыць.

2. ко́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). Кончана з панам, пан не ўваскрэсне, У край наш не знойдзе дарог. Колас.

3. у знач. прым. Вырашаны, скончаны. Кончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). Кончаны п’яніца.

•••

І кончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Усё кончана гл. усё.

ко́нчык, ‑а, м.

Памянш. да канец (у 1, 5 знач.). // Пра востры ці звужаны канец чаго‑н. Кончык іголкі. Кончык носа. □ Некалькі год назад раней звычайнага — у ліпень — пажоўк кончык вяршаліны [таполі]. Аляхновіч.