Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згрыза́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да згрызаць.

згрыза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згрызці.

згры́зены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад згрызці.

згрызо́та, ‑ы, ДМ ‑зоце, ж.

Разм.

1. Душэўныя мукі, перажыванні. Ніколі панна Анэля .. не мела такой згрызоты, як у гэты вечар: «жартачкі», Ядвіська замуж выходзіць, а яна, Анэля, у старых дзеўках астанецца. Бядуля.

2. Спрэчкі, звадкі. Уласніцкія імкненні Міхала стварылі ў яго сям’і атмасферу варожасці, згрызот, калатні і фактычна прывялі яе да распаду. Луфераў.

згры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; зак., каго-што.

Разм.

1. Грызучы, з’есці. Згрызці кавалак цукру. Згрызці сухар. // Пагрызці, сапсаваць паверхню чаго‑н. Зайцы згрызлі кару дрэў. // Перагрызшы, паваліць. Бабры згрызлі некалькі асінак і збудавалі хатку.

2. перан. Змучыць (пра гора, сумненне і пад.).

згрэ́бці і зграбці́, зграбу, зграбеш, зграбе; зграбём, зграбяце; пр. згроб, згрэбла і зграбла; згрэбла і зграбло; зак., каго-што.

1. Грабучы, сабраць у адно месца. Зграбці сена ў копы. Згрэбці вуголле ў кучу. // Грабучы, прыбраць адкуль‑н. Здавалася, што зусім нядаўна з гэтага шэрага току згрэблі салому, змялі збожжа і падрыхтавалі да новай малацьбы. Нядзведскі. Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч.

2. Разм. Грабучы, скінуць адкуль‑н. Згрэбці снег са страхі. □ Я згроб камароў, што паналіпалі ў .. [каня] ля воч. Скрыган.

3. Хуткім махам, рухам узяць што‑н. у руку (у рукі); узяць сабе. [Ляснік] спыніўся, згроб шапку ў жменю і зрабіў нізкі, аж да самай зямлі, паклон. Лобан. Адам згроб гадзіннік, узняў яго над галавой і так бразнуў аб падлогу, што толькі розныя шасцяроначкі заскакалі па прахадной. Корбан. [Шандыбовіч] трапным рухам згроб пляшку і паклаў сабе ў кішэню. Кулакоўскі. // З сілаю схапіць, абхапіць каго‑н. З ціхім одумам прыпыніўся .. [Ладымер] пачакаць, пакуль унук падбяжыць да яго. А як падбег, ласкава згроб яго пад сваю лёгкую руку, і пайшлі яны гэтак абняўшыся. Чорны. // Арыштаваць, схапіць. Людвісю людаеды згрэблі, На смерць вядуць, яна ідзе Пад вербамі, па вузкай грэблі, Дзе азярцо, як майскі дзень. Пушча.

згрэ́бціся і зграбці́ся, зграбуся, зграбешся, зграбецца; зграбёмся, зграбяцеся; пр. згробся, згрэблася і зграблася, згрэблася і зграблося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца сабраным, прыбраным у выніку зграбання. Будзе трохі і сум пракідацца, але гэта таму, што скосіцца луг, зграбецца ў .. копы і больш ужо не будзе гэткай слаўнай работы. Нікановіч.

2. Дасягнуць зладжаных дзеянняў у сумесным веславанні. Весляры згрэбліся.

згу́ба, ‑ы, ж.

Разм.

1. Смерць, гібель. Зберагчы ад згубы. □ Гамлет і Афелія кахаюць адзін другога і ў той жа час ускосна вядуць адзін аднаго да згубы. Лужанін. Малады вяпрук адстаў ад чарады, што бегла ад галоднай згубы. А. Вольскі. Не баяцца болей згубы Тут звяры. Пахавалі льва пад дубам Ля гары. Шушкевіч. // Знішчэнне. Жыць без лесу не магу на свеце — У вялікім перад ім даўгу. Лес хаваў не раз мяне ад смерці, Я яго ад згубы сцерагу. Непачаловіч. // Страта. — Няўдача, — адказаў дзядзька. — Косцік новую шапку пасеяў. .. Пачуўшы пра згубу, бацька сярдзіта паківаў пальцам, але надта не сварыўся. С. Александровіч.

2. Тое, што з’яўляецца прычынай гібелі або няшчасця для каго‑, чаго‑н. Марозы — згуба для кветак. □ — Карты — гэта згуба, бацюшка. Пальчэўскі.

3. Тое, што згублена, страчана. Дык прабач жа цяпер, мая згуба, Што з табой часта бачуся ў сне, Што халодныя рукі нялюбай Абдымаюць бясстрасна мяне. Смагаровіч.

згубі́цель, ‑я, м.

Той, хто губіць, загубіў каго‑, што‑н. — Слухаеш, што там у вас у сям’і гавораць. Што я гад, што я згубіцель. Чорны. Акрамя насякомых — згубіцеляў лесу, ёсць у дрэў і сябры, іх верныя абаронцы. Гавеман.

згубі́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Жан. да згубіцель.