ані́с, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Аднагадовая травяністая эфіраалейная расліна сямейства парасонавых, а таксама яе насенне.
2. ‑у. Старадаўні сорт паволжскай яблыні, на якой растуць сакаўныя, кісла-салодкія яблыкі з анісавым араматам.
3. ‑а. Плод гэтай яблыні.
[Грэч. anison.]
ані́савы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да анісу.
2. Зроблены з анісу (у 1 знач.). Анісавы алей. // Настоены на анісе (у 1 знач.). Анісавая гарэлка.
ані́саўка, ‑і, ДМ ‑ўцы ж.
1. Гарэлка, настоеная на анісе. Там за чаркай моцнай анісаўкі.. [войт] трошкі палагаднеў і нават развесяліўся. Бажко.
2. Тое, што і аніс (у 2 знач.).
аніхто́, анікога, М ані аб кім; займ.
Разм. Зусім ніхто, ні адзін чалавек. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка. [Сярго:] Ведайце, што нас Не пераможа ў дружбе аніхто. Глебка.
анічо́га, прысл.
Разм. Зусім нічога. [Вера:] — Дык я анічога не думаю. Зарэцкі. Салдат анічога не мог сказаць у тую хвіліну. Чорны.
анічу́ць, прысл.
Разм. Зусім не. Анічуць не шкада. Анічуць не баліць. □ І раптам вось гэта аднекуль нахлынула Такая туга, такая самоцішча, Што станеш наўмысля пад цёмнымі ліўнямі — І не, не крануць, анічуць не замочышся. Панчанка.
анішто́, анічога, М ані аб чым; займ.
Разм. Зусім нішто, ні адзін прадмет.
анія́к, прысл.
Разм. Ніяк; зусім; зусім ніяк. Не магу аніяк Я з уласным асвойтацца ценем. Куляшоў. Збоку магло здавацца, што дзяўчына.. [Станкевіча] аніяк не цікавіць. Алешка. [Эльза] сябе адчувала так, быццам тутэйшыя людзі аніяк не маглі абысціся без яе. Чорны. // Ніякім чынам. Без.. [нажа] аніяк нельга было даступіцца да зайца. Маўр.
анія́кі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. займ. Зусім ніякі. Навокал не было аніякага гуку. Чорны. Некалькі дзён не было аб Ігнаце аніякіх чутак. Лынькоў.
2. у знач. прым. Вельмі дрэнны, нічога не варты. [Журавель:] — Шыя выгнута вужакай, Хараства ні ў чым няма І убор твой аніякі, І нягодная сама [Чапля]. Танк.
анкалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да анкалогіі. Анкалагічны дыспансер.