Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

станаўле́нне, ‑я, н.

Набыццё пэўных прыкмет і форм у працэсе развіцця; фарміраванне. Станаўленне характару. Станаўленне сусветнай сістэмы сацыялізма.

станда́рт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Прынятыя за аснову ўзор, мадэль, эталон, якім павінна адпавядаць што‑н. сваім намерам, формай, якасцю і пад. Дзяржаўны стандарт. // Ідэальны, узорны экземпляр. Бялявая галава была пастрыжана «пад бокс» і прылізана на прабор, вочы — светла-блакітныя, па стандарту арыйскай расы. Брыль. // Аднастайная, тыпавая форма арганізацыі, ажыццяўлення чаго‑н. Выпрацаваны стандарт выпрабавання металу.

2. Нарматыўна-тэхнічны дакумент, якім вызначаюцца адзінкі велічынь, тэрміны і іх азначэнні, патрабаванні да прадукцыі, вытворчых працэсаў і г. д. Стандарты на харчовыя прадукты.

3. перан. Тое, што не мае ў сабе нічога арыгінальнага, своеасаблівага; шаблон, трафарэт. Узнік сцэнічны стандарт «жалезабетоннага камісара», у якім вельмі мала было агульначалавечага. «Маладосць».

•••

Залаты стандарт — форма арганізацыі капіталістычнага грашовага абароту, пры якой існаваў размен банкнотаў на залатыя манеты, залатыя зліткі ці на замежную валюту.

[Англ. standard.]

станда́ртнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стандартнага. Стандартнасць памераў.

станда́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.

2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.

стандартызава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стандартызаваць.

стандартызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стандартызаваць.

стандартызава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) стандартным.

2. толькі незак. Зал. да стандартызаваць.

стандартызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Правесці (праводзіць) стандартызацыю чаго‑н., зрабіць (рабіць) стандартным. Стандартызаваць вытворчасць, Стандартызаваць дэталі.

стандартыза́тар, ‑а, м.

Спецыяліст, які займаецца пытаннямі стандартызацыі.

стандартыза́цыя, ‑і, ж.

1. Устанаўленне адзіных абавязковых стандартаў на што‑н. Стандартызацыя дэталей. Стандартызацыя тавараў. □ У XIX ст. усталёўваецца пэўная стандартызацыя драўляных канструкцый і форм. «Помнікі». // Устанаўленне аднастайных, тыпавых форм арганізацыі. Стандартызацыя праектаў будаўніцтва.

2. перан. Адсутнасць, знікненне ў кім‑, чым‑н. арыгінальнасці, індывідуальных асаблівасцей; шаблоннасць, трафарэтнасць. Стандартызацыя мыслення.