станаві́цца, ‑наўлюся, ‑новішся, ‑новіцца.
Незак. да стаць (у 1–5 знач.).
•••
Станавіцца на калені перад кім — пакарацца, падпарадкоўвацца каму‑н.
Станавіцца папярок горла каму — рабіцца для каго‑н. невыносным, нясцерпным і пад.
Станавіцца папярок дарогі каму — перашкаджаць каму‑н. (звычайна ў дасягненні якой‑н. мэты).
станаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; незак., каго-што.
Разм. Тое, што і ставіць (у 1–4, 8, 9, 12 і 14 знач.). [Жанчына] то сілком саджала малога на калені, то станавіла яго на ногі і бязлітасна выцірала яму носік. Пестрак. [Даніла:] — А я ўжо, мабыць, з год не бачыў нашых старшыняў. Без нас становяць, без нас здымаюць. Кулакоўскі.
ста́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стану 5. Станавыя адносіны ў сказе.
станавы́, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае адносіны да стана 2 (у 4 знач.). // у знач. наз. станавы́, ‑о́га, м. Тое, што і станавы прыстаў. [Антось:] — Заварочвай аглоблі і смалі дахаты, калі не хочаш, каб з цябе і з брата станавы садраў па рублю. С. Александровіч.
•••
Станавы прыстаў гл. прыстаў.
станаўле́нне, ‑я, н.
Набыццё пэўных прыкмет і форм у працэсе развіцця; фарміраванне. Станаўленне характару. Станаўленне сусветнай сістэмы сацыялізма.
станда́рт, ‑у, М ‑рце, м.
1. Прынятыя за аснову ўзор, мадэль, эталон, якім павінна адпавядаць што‑н. сваім намерам, формай, якасцю і пад. Дзяржаўны стандарт. // Ідэальны, узорны экземпляр. Бялявая галава была пастрыжана «пад бокс» і прылізана на прабор, вочы — светла-блакітныя, па стандарту арыйскай расы. Брыль. // Аднастайная, тыпавая форма арганізацыі, ажыццяўлення чаго‑н. Выпрацаваны стандарт выпрабавання металу.
2. Нарматыўна-тэхнічны дакумент, якім вызначаюцца адзінкі велічынь, тэрміны і іх азначэнні, патрабаванні да прадукцыі, вытворчых працэсаў і г. д. Стандарты на харчовыя прадукты.
3. перан. Тое, што не мае ў сабе нічога арыгінальнага, своеасаблівага; шаблон, трафарэт. Узнік сцэнічны стандарт «жалезабетоннага камісара», у якім вельмі мала было агульначалавечага. «Маладосць».
•••
Залаты стандарт — форма арганізацыі капіталістычнага грашовага абароту, пры якой існаваў размен банкнотаў на залатыя манеты, залатыя зліткі ці на замежную валюту.
[Англ. standard.]
станда́ртнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць стандартнага. Стандартнасць памераў.
станда́ртны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.
2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.
стандартызава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. стандартызаваць.
стандартызава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад стандартызаваць.