згрузі́цца, згружуся, згрузішся, згрузіцца; зак.
Разм. Згрузіць якія‑н. рэчы, груз з чаго‑н.; разгрузіцца. Возчыкі згрузіліся.
згрузі́ць, згружу, згрузіш, згрузіць; зак., што.
1. Зняць які‑н. груз з чаго‑н. Такуеў дапамог згрузіць з воза мяхі з бульбай. Корзун. // Разгрузіць (воз, машыну і пад.). Згрузіць тры машыны пяску.
2. Разм. Злажыць які‑н. груз дзе‑н., на што‑н. Згрузіць рэчы на воз. □ Некалькі аўтамашын прывезлі і згрузілі непадалёк ад палаткі, дзе жыла Люся, цэлыя сцены, дах і вокны новага дома. Даніленка.
згру́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. згружаць — згрузіць.
згрупава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад згрупаваць.
згрупава́цца, ‑пуецца; ‑пуемся, ‑пуецеся; зак.
Сабрацца, аб’яднацца ў групу (групы); размясціцца групай (групамі). Хуткакрылыя стрыжы згрупаваліся і насіліся ў паветры, нібы трэніраваліся перад адлётам. Федасеенка. Хутка вакол Андрэя згрупавалася чалавек пятнаццаць салдат, якія сталі яго поўнымі паслядоў[нік]амі. Галавач. Новае пакаленне пісьменнікаў.. згрупавалася ў арганізацыю «Маладняк». «Маладосць».
згрупава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; зак., каго-што.
Аб’яднаць у групу (групы); размясціць групамі. Згрупаваць ударныя сілы войск. □ За гады вучобы ў школе Лена згрупавала вакол сябе верных сябровак. Няхай. // Раскласіфікаваць на аснове якіх‑н. аднародных прымет. Згрупаваць дэталі па іх форме. □ Калі згрупаваць фактары, якія залежаць і не залежаць ад прыродных умоў, і зрабіць разлік, то значнасць фактару прыродных умоў для прадукцыйнасці працы будзе больш відавочнай. «Весці».
згрупо́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да згрупавацца.
2. Зал. да згрупоўваць.
згрупо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да згрупаваць.
згрыбе́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Стары, маршчыністы. Была яна тады, як апошні раз маці яе бачыла, зморшчаная-зморшчаная, згрыбелая, сівая бабулька. Гарэцкі. Апіраючыся на кій, стаяў згрыбелы стары. Самуйлёнак.
згрыбе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Састарыцца, пакрыцца маршчынамі.