Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

булённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да булёну. Булённае мяса.

булі́т, ‑а, М ‑ліце, м.

У гульні ў хакей з шайбай — штрафны ўдар з ходу па варотах праціўніка.

[Англ. bullet — літаральна — куля.]

бу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Невялікі хлеб з пшанічнай мукі, белы хлеб. Бегалі па вуліцы дзеці то з булкамі, то з цукеркамі. Гартны.

2. Тое, што і буханка. На паліцы ляжалі дзве булкі хлеба. Чорны. [Шашура] палажыў на калені Краўца булку хлеба і круг каўбасы. Мележ.

бу́льба, ‑ы, ж.

1. Аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых. Адганяць бульбу. □ [Лабановіч] радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы. Колас.

2. зб. Падземныя клубні гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як харч, корм і сыравіна. Абіраць бульбу. Капаць бульбу. Кармавая бульба. Насенная бульба. Сопкая бульба. // Страва, прыгатаваная з клубняў гэтай расліны. Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Запахла бульбай. Мележ.

3. Назва беларускага народнага танца. Дружна будзем на сцэне «Бульбу» мы танцаваць. Нядзведскі.

•••

Бульба ў мундзірах — звараная з лупінамі бульба. Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.

бульба...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «бульба», напрыклад: бульбакапалка, бульбасаджалка.

бульбаапрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апрацоўкі бульбы. Бульбаапрацоўчая прамысловасць.

бульбаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Той, хто вырошчвае бульбу.

бульбаво́дства, ‑а, н.

Развядзенне і вырошчванне бульбы.

бульбагатава́льнік, ‑а, м.

Агрэгат для варкі бульбы на свінаферме.

бульбакамба́йн, ‑а, м.

Машына, агрэгат для механізаванай уборкі бульбы.