Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ле́йцы, ‑аў; адз. ляйчына, ‑ы і лейчына, ‑ы, ж.

Вяроўкі, рамяні для кіравання коньмі ў запрэжцы. На высокім сядзенні, .. трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. Колас. За мастом начальнік участка сагнаў нас з саней .. і хлыснуў лейчыной каня. Пташнікаў. Тузаючы за лейцы, бацька накіраваў Гнядва на дарогу. Васілёнак.

•••

Выпусціць лейцы з рук гл. выпусціць.

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) каму — аб неапраўдана капрызных паводзінах.

Папусціць лейцы гл. папусціць.

Трымаць лейцы ў руках гл. трымаць.

Узяць лейцы ў рукі гл. узяць.

лейчына́,

гл. лейцы.

лек, ‑а, м.

Грашовая адзінка Албаніі.

[Албанскае lek.]

ле́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лекаў, уласцівы ім; прызначаны для лекаў. Лекавы пах. Лекавая сыравіна. // Які валодае лекавымі ўласцівасцямі. Лекавыя расліны.

ле́кар, ‑а, м.

Разм. Доктар. Зубны лекар. □ Запаленне лёгкіх прайшло, а вось ад раматусу мае лекары пазбавіць не здолелі. Сяргейчык.

ле́карка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да лекар.

ле́карскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да лекара, лекараў, належыць ім. Лекарская справа.

ле́кі, ‑аў; адз. няма.

Разм.

1. Лякарства. Прыехаў у маёнтак новы доктар з поўным сундуком усякіх лекаў. Якімовіч. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. // перан. Пра сродак, які дапамагае перажыць што‑н. непрыемнае. Хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі няўпэўнена, што словы твае будуць лекамі. Чорны.

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лячыць і лячыцца; лячэнне. Доктар больш не гаварыў і, назваўшы настаўніка, перадаў яму, што хворы павінен застацца на лекі ў бальніцы. Нікановіч.

лекпо́м, ‑а, м.

Лекарскі памочнік; фельчар.

лексе́ма, ‑ы, ж.

Слова як самастойная сэнсавая адзінка, якая разглядаецца ў мовазнаўства ва ўсёй сукупнасці сваіх форм і значэнняў.

[Ад грэч. lexis — слова, выраз.]