ба́гер, ‑а, м.
Землясосны снарад, які служыць для вымання зямлі пры паглыбленні дна рэк і пад. [Аксана:] — Мы сёння ўпершыню спрабавалі багер Віланда. Галавач.
[Ад гал. bagger — гразь.]
багерма́йстар, ‑тра, м.
Той, хто кіруе працай на багеры.
ба́герны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да багера. Багерная помпа.
баге́т, ‑у, М ‑геце, м.
Разьбяная або пафарбаваная планка, з якой робяць рамы, карнізы. Сцены былі ўвешаны палеткамі ў рамах з залачонага багету, залы ўстаўлены скульптурнымі і разьбянымі работамі. Скрыган.
[Фр. baguette.]
баге́тавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены а багету. Карціна ў багетавай раме.
баге́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да багету. Багетная вытворчасць. Багетная майстэрня.
баге́тчык, ‑а, м.
Той, хто працуе над вырабам багету.
багі́ня, ‑і, ж.
У антычнай міфалогіі і некаторых рэлігіях — бажаство жаночага полу. Зусім недалёка ад станцыі з такой літаратурна-гістарычнай назвай знаходзяцца руіны храма фінікійскай багіні Таніт. В. Вольскі. // перан. Пра жанчыну ідэальнай прыгажосці і грацыі. Я шмат багінь спакуслівых І ласкавых страчаў, Але табе, паэзія, Ніколі не здраджаў. Танк.
ба́гна, ‑ы, ж.
1. Нізкае топкае месца, грузкае балота; дрыгва. А ельнік, густы і цёмны, выцягваў свае лапы, нібы пераймаў чалавека, разрываўся пад нагамі мох, і гнеўна хлюпала чорная багна. Чарнышэвіч. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна, — можна з галавою праваліцца ў багну. Пальчэўскі. // Пра што‑н. бяздоннае, бясконцае. І толькі ў небе ў сіняй багне Я бачу дзіўны ланцужок. Колас.
2. перан. Усё, што засмоктвае чалавека і цягне ў балота адсталасці, коснасці. Багна мяшчанства. □ Трэба адарваць Міхася ад Раманюка, выцягнуць яго з той уласніцкай багны... Савіцкі.