азы́злы, ‑ая, ‑ае.
1. Хваравіта тоўсты, апухлы. Азызлы твар. Азызлыя рукі. □ Хада насцярожанай стала — страцілі ногі былую гнуткую цвёрдасць.. Цяпер ныюць ногі, цяжкія, азызлыя. Лынькоў.
2. Азяблы, настылы. На ўзгорачку, у кусточку, пырхала нейкая азызлая птушачка. Гарэцкі. Федзя запомніў больш за ўсё тую апошнюю восень — познюю, сырую, з азызлай зямлёй і нізкімі аблокамі, якія ледзь не чапляліся за вершаліны дубоў. Хомчанка.
азы́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Ацячы, апухнуць. [Дзеці] апухлі і азызлі з голаду, зусім не падобны да тых вяртлявых скакуноў, якімі.. [Габрусь] бачыў іх раней. Чарот.
2. Азябнуць, змерзнуць. Яўхімка доўга не выходзіў з нашай хаты. Я ўжо азыз на холадзе, чакаючы яго. Сабаленка.
азя́блы, ‑ая, ‑ае.
Які настыў, змёрз на холадзе. Азяблыя рукі самі шукаюць цяпла за пазухай і ў кішэнях. Быкаў. Насустрач дню азяблыя асіны Працягваюць вільготныя лісты. Панчанка.
азя́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Адчуць холад, змерзнуць. [Валошын:] А ў чым ты пойдзеш? Ты ж уся азябла. Бяры пінжак. Глебка. Дрыжаць і лапочуць Чародкі асін: Пад ветрам паўночным Азяблі зусім. Крапіва.
азяро́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Прыстасаванне з слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, травы і пад.; пярэплат. Збажына была пажата і звезена з поля. Яна дасыхала ў азяродах або ў рэдка расстаўленых на гумнішчах бабках і крыжыках. Шахавец.
азяро́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Закладаць снапы ў азярод для дасушвання.
азяро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да азярода. І не паспеў [Юзік] вокам акінуць азяродныя рэбры, як счуў: не то кашлянуў нехта, не то замармытаў, зашамацеў. Баранавых.
азярцо́, ‑а, н.
Памянш. да возера; невялікае возера.
азяры́на, ‑ы, ж.
Памянш. да возера; невялікае возера. У іх [дзядзькі і Костуся] раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны, На рэчцы загарадзь паправіць І новы буч яшчэ паставіць. Колас.