ускі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка падняцца, узляцець уверх. Апоўнач у баку немцаў раптам ускінулася ўгару полымя і загрымеў выбух. Мележ.
2. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі, запытаннямі. — Чаму ж ты мяне не запісаў [у спіс па здачы хлеба], галава твая дубовы! — ускінуўся [Герасіменя] на Сямёна Макарэвіча. Чарнышэвіч.
ускі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што. Рэзка ўзняць, падняць што‑н. уверх. Ускінуць сцяг над калонай дэманстрантаў. □ Сяржант ускінуў угару карабін, у момант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Музыкі раптам ускінулі ўгару трубы і.. грымнулі вальс. Дайліда. // і чым. Зрабіць рэзкі рух уверх якой‑н. часткай цела. Ускінуць галаву. □ — Вон! — пачуўся раптам стогн. Зубр сярдзіта ўскінуў рогі. Вітка. — Што ж я буду гаварыць? — ускінула тонкія бровы дзяўчына і зачырванелася. — Бачыце, я ж занятая... Кухараў. У адзін момант ускінуў.. [Сяргей Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас.
2. каго-што. Кідаючы, ускласці, навесіць, начапіць на што‑н. Ускінуць граблі на воз. Ускінуць рукзак на плячо. Ускінуць плашч на руку. □ Цяля хуценька ўскінулі на воз, прыкрылі саломай — і на ферму. Дуброўскі.
3. што. Накінуць паверх чаго‑н., укрываючы, закрываючы каго‑, што‑н. [Ратушняк] ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку. Пташнікаў.
4. што. Разм. Надзець, накінуць на сябе што‑н. (звычайна на скорую руку). Стары Ермаліцкі насунуў шапку задам наперад, ускінуў на плечы кажушок і пабег у стайню. Грахоўскі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку, завязаўшы ражкі каля шыі. Ваданосаў.
•••
Ускінуць вочы (позірк) — хутка глянуць уверх або на каго‑н. Уолтэр здзіўлена ўскінуў вочы на генерала. Гамолка.
ускіпа́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ускіпаць — ускіпець.
ускіпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ускіпець.
ускіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Нечакана раззлавацца. Спакойны, дасюль, Тышкевіч ускіпеў: — Замнога на сябе бярэш, Прусава. Асіпенка. — Чаго ты, дзеўка, ускіпела? — разважна загаварыў стары цясляр, калі Таіса села. Паслядовіч. — Браканьеры! — ускіпеў ляснік. — Што вы зрабілі?! Шчарбатаў.
усклада́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. ускладаць — ускласці (у 1–3 знач.).
усклада́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да ускладаць.
усклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ускласці.
•••
Ускладаць надзеі на каго-што — чакаць ад каго‑, чаго‑н. ажыццяўлення сваіх надзей.
ускла́дванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. ускладваць — ускласці (у 1–3 знач.).
ускла́двацца, ‑аецца; незак.
Зал. да ускладваць.