Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стаматалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стаматалогіі, звязаны з ёю. Стаматалагічная клініка. Стаматалагічны факультэт. □ Да стаматалагічнага кабінета абласной клінічнай бальніцы падышла жанчына, з нумарком у руцэ. Корбан.

стаматало́гія, ‑і, ж.

Раздзел медыцыны, які вывучае захворванні органаў поласці рота, сківіц і сумежных участкаў.

[Ад грэч. stoma — рот і kogos — вучэнне.]

стаматаскапі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да стаматаскопа. Стаматаскапічныя назіранні.

2. Які звязаны з атрыманнем адбіткаў артыкуляцыйных органаў пры ўтварэнні гукаў. Стаматаскапічны метад.

стаматаско́п, ‑а, м.

Прыбор з люстэркам для агляду поласці рота.

[Ад грэч. stoma — рот і skopeō — назіраю.]

стамато́лаг, ‑а, м.

Урач — спецыяліст па стаматалогіі.

стаматы́т, ‑у, М ‑тыце, м.

Запаленне слізістай абалонкі поласці рота.

стаме́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Сталярская прылада з пляскатым тонкім долатам рознай шырыні для выбірання пазоў, гнёздаў у дрэве, дошках.

[Ням. Stemmeisen.]

стамі́цца, стамлюся, стомішся, стоміцца; зак.

Адчуць стомленасць, зморанасць; замарыцца, знясіліцца. Падбіўся я. Спацеў і так стаміўся, Нібыта ў спёку цэлы дзень касіў Тупой касой... Сіпакоў. Калі стамлюся некалі праз меру, Адчуць бы мне падтрымку рук тваіх, І я ў прыліў магутных сіл паверу, Бо мы — ўдваіх. Пысін.

стамі́ць, стамлю, стоміш, стоміць; зак., каго.

Давесці да стомленасці; знясіліць, замарыць. Дзве бяссонныя ночы стамілі .. [Лабановіча]. Колас. Пасля кароткай размовы са старастам, якая, тым не менш, зусім стаміла яго, Сотнікаў ненадоўга заснуў. Быкаў.

стамле́нне, ‑я, м.

Страта сіл; зморанасць, стома. Фізічнае стамленне. □ Свежа стала на зямлі, лёгкае стамленне ахапіла ўсё цела. Чарнышэвіч.