згразі́ць, згражу, згрозіш, згрозіць; зак.
Прыстрашыць, прыгразіць. Згразіў на бяду — пусціў рака ў ваду. Прыказка.
зграшы́ць, зграшу, згрэшыш, згрэшыць.
Зак. да грашыць.
згра́я, ‑і, ж.
Разм.
1. Група сабак, ваўкоў і пад. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. [Ваўкі] палююць зграямі на ласёў, аленяў і казуль. В. Вольскі.
2. перан. Банда, шайка. Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў. Быкаў. Зладзейская зграя канец свой знайшла. Дубоўка.
згрубе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які згрубеў, зрабіўся грубым. — Дзень добры ў хату! — бадзёра кінуў .. [Мікола] групе мужчын, якія, навісшы над прылаўкам, смакталі цыгаркі і церлі згрубелымі пальцамі прывезены сёння Нічыпарам шавіёт. Б. Стральцоў.
згрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.
Зак. да грубець.
згрува́сціцца, ‑ціцца; зак.
Сабрацца ў бязладную масу, кучу. Салдаты завіхаліся, стараючыся хутчэй .. пусціць паток машын і баявой тэхнікі, якія згрувасціліся непадалёк на лясной дарозе. Сабаленка.
згрува́сціць, ‑вашчу, ‑васціш, ‑васціць; зак., каго-што.
Бязладна зваліць у кучу. Згрувасціць кнігі.
згрува́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад згрувасціць.
згрува́шчвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да згрувасціцца.
2. Зал. да згрувашчваць.