ве́нчык, ‑а, м.
1. Абадок чаго‑н. Венчык капыта. □ Навокал.. чорныя, напалову заваленыя цэглай зеўры печаў, дрэвы з абсмаленымі камлямі і падсушанымі венчыкамі крон. Сачанка.
2. Тое, што і вяночак (у 2 знач.).
3. Памянш. да вянец (у 4 знач.).
вепр, ‑а, м.
Самец дзікай свінні; дзік. За старым вепрам цягнуцца крыху меншыя за яго свінні, за імі некалькі падсвінкаў. В. Вольскі.
вепручы́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вепрука.
ве́пскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вепсаў, які належыць, уласцівы ім. Вепская мова.
ве́псы, ‑аў; адз. вепс, ‑а, м.
Народ, блізкі да карэлаў, пражывае ў Ленінградскай і Валагодскай абласцях РСФСР і ў Карэльскай АССР.
ве́ра, ‑ы, ж.
1. Упэўненасць у чым‑н., у здзяйсненні, ажыццяўленні чаго‑н. Вера ў свае сілы. □ Вера гартавала волю, надавала мужнасці. Шамякін. Маці больш не галасіла, Хоць з мякіны хлеб пякла, Бо адчулі рукі сілу, Вера ў сэрцы ажыла. Грахоўскі. Без меры няма веры. Прыказка.
2. Перакананне ў дадатных якасцях каго‑н. Ні суцяшэння, ні пажаданняў не трэба — Не, я не страціла чыстае веры ў людзей... Тарас. Цудоўны верш, наскрозь прасякнуты верай у чалавека і болем за яго. Бярозкін.
3. Перакананне ў рэальным існаванні звышнатуральных сіл. Вера ў бога. // Рэлігійнае вучэнне; веравызнанне. Каталіцкая вера.
•••
Браць (узяць) на веру што гл. браць.
Вачам веры не даваць гл. даваць.
Мера і вера гл. мера.
Мець веру ў каго-што гл. мець.
Сімвал веры гл. сімвал.
Служыць верай і праўдай гл. служыць.
вераадсту́пнік, ‑а, м.
Уст. Чалавек, які адрокся ад сваёй веры (у 3 знач.).
вераадсту́пніца, ‑ы, ж.
Уст. Жан. да вераадступнік.
вераадсту́пніцкі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да вераадступніка, вераадступніцтва.