стальма́ства, ‑а, н.
Разм. Рамяство, занятак стальмаха. Можа б ён [Стальмаховіч] і лепш выйграў, каб толькі стальмаствам заняўся, але што ж, зямля цягне. Чорны.
стальма́х, ‑а і стэ́льмах, ‑а, м.
Майстар, які робіць калёсы, сані. [Бацька] быў добры стальмах і цясляр, рабіў калёсы і сані, кадушкі і ночвы, ставіў хаты і крыў стрэхі. Бялевіч. Бацька расказвае, як некалі яго дзеда, спрытнага стэльмаха, пані запрасіла ў маёнтак адрамантаваць каламажку. Рамановіч.
стальма́шны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да стальмаха; уласцівы яму. Пад гэты час прыпадае росквіт яго [Гельскага] стальмашнага рамяства. Чорны.
стальма́шня, ‑і, ж.
Разм. Стальмашная майстэрня. Круглы двор — гэта і стальмашня, дзе робяцца драбіны для калёс, палазы для саней. Сіпакоў.
стальма́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.
Разм. Займацца рамяством стальмаха; рабіць калёсы, сані. А перад вялікаю вайною вольны быў [Гельскі] ад гэткіх спраў: пачаў рабіць дома — стальмашыў, а для зямлі — трымаў хлапчука-парабчука. Чорны.
стальні́ца, ‑ы, ж.
1. Верхняя дошка, крышка стала. А паставілі посуд — Стальніца Увагнулася, просіць падпоры. Калачынскі. На стальніцы ляжаць тонкія скрылёчкі ружовага сала. Лужанін.
2. Абл. Шуфляда стала. [Мама:] — Брусок, Міша, у стальніцы вазьмі. Я косы панясу. Мыслівец.
стальны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да сталі, звязаны з апрацоўкай і збытам сталі. Завод спецыялізуецца па стальному ліццю. «Маладосць». // Зроблены са сталі. Стальны нож. □ [Танк] закружыўся на адной гусенічнай стальной стужцы і задыміў. Машара. Заўтра выйду на золку Я да рэек стальных і сустрэну сяброўку Між людзей дарагіх. Прыходзька.
2. Падобны колерам на сталь, светла-шэры з адлівам. Пані Свідэрская ўся аж скаланулася, заўважыўшы ў .. [вачах незнаёмага] стальны, бязлітасны бляск. Паслядовіч. Вада ў рэчцы як бы пагусцела і пабыла стальны адліў. Карпаў.
3. перан. Моцны, дужы. Стальныя мускулы. □ Ён [дзяцел] стальную Дзюбу мае, Караедаў Ён знішчае. Дзеружынскі. [Дым:] — На лабавых, казаў .. [камандзір звяна], можа весці бой толькі сапраўдны знішчальнік са стальнымі нервамі. Алешка. // Стойкі, непахісны. Стальная кагорта. □ Да бою ўстаюць каталонцы, Стальныя ідуць батальёны. Купала. Камсамольцы, арлы маладыя, Непакорны, адважны народ. Сілай — мужныя, воляй — стальныя, — Мы гатовы ва ўсякі палёт. Тарас. // Які выражае цвёрдасць, рашучасць. — Што ж ты, Рытачка, рабіла? — панізіўшы голас, у якім зазвінелі стальныя ноткі, запытаўся Валодзя. Даніленка.
сталю́га, ‑і, ДМ ‑люзе, ж.
1. Прыстасаванне для распілоўкі бярвёнаў на дошкі; высокія козлы. Эх, бацька, бацька!.. Няўжо гэта той самы ты, што, пілуючы на прыгуменні дошкі, стаяў на сталюгах і зверху пасмейваўся з сыноў? Брыль. Тоця, ездзячы па тавары, не раз бачыла, як на гэтым пляцы шархалі на сталюгах падоўжныя пілы, а над цагляныя падмуркам завіхалася з паўдзесятка чалавек. Ракітны.
2. Сталярны варштат.
сталява́р, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па сталеварэнню. У кожнага ёсць свае справы, ў мяне, сталявара, — руда, З якое адменныя сплавы Звыш плана павінен я даць. Непачаловіч.