сталы́пінскі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з дзейнасцю міністра царскага ўрада Сталыпіна. Сталыпінская рэакцыя. Сталыпінскія хутары. □ Напярэдадні вайны па-ранейшаму большая частка зямлі канцэнтравалася ў руках памешчыкаў і кулакоў — «новых», сталыпінскіх памешчыкаў. «Весці».
сталы́піншчына, ‑ы, ж.
Перыяд дваранска-прыгонніцкай рэакцыі ў Расіі пасля рэвалюцыі 1905 г., які ахарактарызаваўся ўмацаваннем кулацтва і падаўленнем рэвалюцыйных сіл. Яшчэ ў гады сталыпіншчыны Рыгораў бацька Салвесь выселіўся на невялічкі хутар. Сабаленка.
сталь, ‑і, ж.
Цвёрды коўкі метал серабрыста-шэрага колеру, які з’яўляецца сплавам жалеза з вугляродам. Плаўка сталі. Высакаякасныя сталі. □ Сімвалам трываласці і надзейнасці здаўна лічыцца сталь. «Звязда».
•••
Дамаская сталь — высокі гатунак узорыстай сталі, якая вырабляецца асобым спосабам.
Нержавеючая сталь — сталь, устойлівая супраць карозіі.
[Ням. Stahl.]
стальва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
Трайны барак (ворчык) для параконнай запрэжкі. Я наганяў гнедага каня, прычэпленага пастромкамі за стальвагі дышля. Сабаленка.
стальма́ства, ‑а, н.
Разм. Рамяство, занятак стальмаха. Можа б ён [Стальмаховіч] і лепш выйграў, каб толькі стальмаствам заняўся, але што ж, зямля цягне. Чорны.
стальма́х, ‑а і стэ́льмах, ‑а, м.
Майстар, які робіць калёсы, сані. [Бацька] быў добры стальмах і цясляр, рабіў калёсы і сані, кадушкі і ночвы, ставіў хаты і крыў стрэхі. Бялевіч. Бацька расказвае, як некалі яго дзеда, спрытнага стэльмаха, пані запрасіла ў маёнтак адрамантаваць каламажку. Рамановіч.
стальма́шны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да стальмаха; уласцівы яму. Пад гэты час прыпадае росквіт яго [Гельскага] стальмашнага рамяства. Чорны.
стальма́шня, ‑і, ж.
Разм. Стальмашная майстэрня. Круглы двор — гэта і стальмашня, дзе робяцца драбіны для калёс, палазы для саней. Сіпакоў.
стальма́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.
Разм. Займацца рамяством стальмаха; рабіць калёсы, сані. А перад вялікаю вайною вольны быў [Гельскі] ад гэткіх спраў: пачаў рабіць дома — стальмашыў, а для зямлі — трымаў хлапчука-парабчука. Чорны.
стальні́ца, ‑ы, ж.
1. Верхняя дошка, крышка стала. А паставілі посуд — Стальніца Увагнулася, просіць падпоры. Калачынскі. На стальніцы ляжаць тонкія скрылёчкі ружовага сала. Лужанін.
2. Абл. Шуфляда стала. [Мама:] — Брусок, Міша, у стальніцы вазьмі. Я косы панясу. Мыслівец.