лажы́ць, лажу, ложыш, ложыць; незак., каго-што.
Разм. Тое, што і класці (у 1, 2, 8 і 9 знач.).
лажэ́чнік, ‑а, м.
Абл. Планка з выразамі, у якія ўстаўляюцца лыжкі, нажы, відэльцы. Варанецкі стаяў і аглядаў небагаты [хатні] скарб.. За сталом дзве лавы — адна ад покуця ў адзін бок, другая — у другі. Зэдлік ля печы, на сцяне ў парозе драўляны лажэчнік. Дуброўскі.
лаз 1,
гл. лазы.
лаз 2, ‑а, м.
1. Невялікая адтуліна, шчыліна, праз якую можна прайсці, пранікнуць куды‑н. Зрабіць лаз у плоце. □ Волька адхінула кол, з асцярогай прасунулася ў лаз, і ўся вуліца — вось яна, перад вачыма, аж у самы канец. Марціновіч. Пад новую сцяну [дзед Андрэй] зрабіў лаз, на які лажылі вечка і засыпалі мятай, саломай і розным смеццем. Федасеенка.
2. Спец. Адтуліна ў сценцы апарата, машыны, катла і пад. для пранікнення ўнутр з мэтай агляду, рамонту, запраўкі.
лаза́, ‑ы; мн. лозы, лоз і лозаў; ж.
1. Кусты некаторых парод вярбы, вінаграду. Вінаградная лаза. □ Астраўкі параслі кучаравай лазой і здалёк нагадвалі копы сена. Шашкоў.
2. Галлё вінаграду, вярбовых кустоў; матэрыял з лазовай драўніны ці кары. Вязаць лазою венікі. □ Дзеці, падлеткі неслі пучкі лазы, вербалозніку. Бялевіч. Сярод пастушкоў ваколіцы мае складаныя ножыкі карысталіся вялікай славай.. За гэтыя ножыкі пастухі вучылі мяне плесці кашы з лазы, лапці. Бядуля. // толькі адз. Дубец як прадмет пакарання; розга. А чарвячок грызе сумленне — Прадвеснік лазні і лазы. Колас.
•••
Даць лазы гл. даць.
лазані́ца, ‑ы, ж.
Род травяністай, пераважна шматгадовай расліны сямейства першацветных.
ла́зар, ‑а, м.
У выразе: лазара пець гл. пець.
лазарэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.
1. Уст. Бальніца для бедных.
2. Невялікая лячэбная ўстанова пры вайсковай часці; шпіталь. Палкавы лазарэт. Палявы лазарэт. □ [Таня:] — Маці служыла з .. [бацькам] у адным палку — яна была сястрою ў лазарэце... Каваль.
[Фр. lazaret, іт. lazaretto ад імя пракажонага жабрака Лазара ў евангельскай прытчы.]
лазарэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лазарэта, належыць яму. Лазарэтны ложак.
лаза́ты, ‑ая, ‑ае.
У выразе: чорт лазаты гл. чорт.
ла́зенне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лазіць.