зго́львацца, ‑аецца; незак.
Зал. да згольваць.
зго́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да згаліць.
згон, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зганяць 1 — сагнаць.
2. Абл. Плыт. Бервяно к бервяну — І гатовы наш згон, А лес — стрыжань адзін, А сасна — нібы звон. Астрэйка. Дбайна ўзрошчаныя кнёны, Сосны, звонкія, як сталь, Туга звязаныя ў згоны, Без канца плывуць у даль. Глебка.
3. Гіст. Збор усіх сялян без выключэння для адработкі феадальнай павіннасці. Апрача непасільнага прыгону, сяляне выконвалі шмат дадатковых работ, як згоны, варту і інш. Лушчыцкі.
•••
На згоне чаго — на сыходзе чаго‑н. Пачалі будаваць .. [майстэрню] на згоне зімы, падвялі пад кроквы і бадай канчаць на лета. Пташнікаў.
зго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. зганяць 1 — сагнаць.
зго́ншчык, ‑а, м.
Той, хто займаецца згонкай каго‑, чаго‑н.
зго́рбіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
1. Зак. да горбіцца.
2. Стаць гарбатым, сутулаватым (ад старасці, хваробы і пад.). Выплакала Аксіння ў падушку свае прыгожыя вочы, згорбілася дачасна, без пары набіў валасы сярэбраны іней. Асіпенка.
зго́рбіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
1. Зак. да горбіць.
2. Зрабіць гарбатым, сутулаватым. Старасць згорбіла чалавека.
зго́рблены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад згорбіць.
2. у знач. прым. Сагнуты (ад старасці, хваробы); сутулаваты. Згорблены, з нездаровым, ацёчным тварам, выціраючы рукі кашлатым ручніком, [доктар] падышоў да раненага. Мележ.
3. перан.; у знач. прым. Пакрыўлены, перакошаны. Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай, Цішыня ў хаце згорбленай, старой. Танк.
зго́рклы, ‑ая, ‑ае.
Які згорк; прагорклы. Згорклы тварог.
зго́ркнуць, ‑не; пр. згорк, ‑ла; зак.
Набыць непрыемны пах і гаркаваты смак у выніку псавання; згарчэць, прагоркнуць (аб прадуктах харчавання). Масла згоркла.