Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ціш, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і ціша. Ціш, бязлюддзе на вячэрняй местачковай вуліцы. Навуменка. Настаўніца ходзіць між партаў, У класе і ціш і спакой. Астрэйка.

ці́ша, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць гукаў, шуму; спакой, цішыня. Зямля здаецца лёгкай, бязваж[к]ай, яна ўся дыхае цішай, спакоем. Лынькоў. У ранішняй цішы даволі доўга быў чуваць гул матора. Шчарбатаў.

2. Ціхая, бязветраная пагода. Ветру не было, і ў начной цішы можна было чуць, як плешчацца аб карэнні прыбярэжных дрэў вада ў рэчцы. Галавач.

цішко́м, прысл.

1. Непрыкметна, употай; крадучыся, крадком. І Губіч тут быў не аднойчы, Не раз прабіраўся цішком Бязлюднаю сцежкаю воўчай У гэты эсэсаўскі дом. Колас.

2. Ціха, нягучна, без шуму. Ноччу Валька плакала цішком, каб не пачуў чужы. Брыль.

цішыня́, ‑і, ж.

1. Адсутнасць шуму, гукаў; маўчанне. Цішыня стаяла ў лесе незвычайная. Кулакоўскі. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў.

2. перан. Адсутнасць баявых дзеянняў; зацішша. Арлоўскага абудзіў цяпер не напорысты грукат бою, а пакутліва-пякучая цішыня. Паслядовіч.

3. Душэўнае ўціхаміранне, спакой.

цішэ́й,

1. Выш. ст. да прысл. ціха.

2. у знач. выкл. Ужываецца як загад захоўваць цішыню, маўчаць. — Цішэй вы! — крыкнуў Грышка Гарачун. Рунец. — Цішэй, цішэй, — супакойваў Гена ўзрушаных акцябрат. Юрэвіч.

•••

Цішэй вады, ніжэй травы — пра вельмі спакойнага, нясмелага, ціхага чалавека.

цішэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. ціхі.

цішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Рабіцца, станавіцца ціхім, цішэйшым. Вецер цішэе. □ «Што ж, можа я і цішэю, — думае Васіль. — Але ж і ты, Настачка, становішся не тая, што раней. Я цішэю, а ты байчэеш...» Карамазаў. Людзі цішэлі, лагаднелі, з разуменнем і спагадай глядзелі адзін на другога. Кудравец.