Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сталі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Пакрыць (пакрываць) тонкім слоем сталі які‑н. прадмет пры дапамозе электролізу.

сталіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сталіраваць.

сталі́ца, ‑ы, ж.

Галоўны горад дзяржавы, месцазнаходжанне ўрада і ўрадавых устаноў. Сталіца Беларусі. □ На плошчы, ў сталіцы Сафіі, Дзімітраўскі ёсць маўзалей. Танк. Будучы студэнткай, .. [Таццяна] ездзіла туды [у Маскву] на экскурсію і таму шчыра перадавала свае ўласныя ўражанні аб сталіцы. Шамякін. // Пра які‑н. населены пункт як цэнтр чаго‑н. Блукаючы па Палессі, я заехаў у былую сталіцу партызанскага краю. Гэта не то мястэчка, не то рабочы пасёлак. Няхай.

сталі́ць, сталю, століш, століць; незак., што.

Слаць столь.

сталі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сталіцы; які знаходзіцца ў сталіцы, належыць ёй. Сталічны жыхар. Сталічныя газеты. □ Гастролі вядомага сталічнага тэатра пачыналіся «Навальніцай» Астроўскага. Васілевіч. // Такі, як у сталіцы, уласцівы сталіцы і жыхарам, якія жывуць у ёй. Сталічныя моды.

стало́вая, ‑ай, ж.

1. Асобны пакой з абедзенным сталом, прызначаны для яды. Шырокія дарожкі-даматканкі, паложаныя ў сталовай і ад сталовай у спальню, сведчылі аб тым, як дбаюць тут аб чыстаце і акуратнасці. Колас. Сайка ў момант выпраг каня, падапрануў чысцейшы .. пінжачок і з’явіўся ў час. Зняў бравэрку, выткнуўся ў дзверы сталовай, якраз калі госці пачалі садзіцца. Сташэўскі.

2. Прадпрыемства грамадскага харчавання. Студэнцкая сталовая. □ У сталовай кардоннай фабрыкі .. [Маруся] мела шырокія магчымасці зносін з рабочымі. Брыль.

стало́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для стала, для выкарыстання ў час яды. Сталовы сервіз. Сталовая бялізна. □ Хапіліся сталовага серабра — а таго след прастыў, не дашукаліся і прадвадзіцельскай шубы... Лынькоў. Сталовым нажом бацька ўрачыста робіць на вушаку засечку. Хадановіч.

2. Які мае адносіны да сталовай, прызначаны для яе. Сталовы гарнітур.

3. Спец. Які мае плоскія вяршыні і крутыя схілы (пра гару, узвышша). Сталовыя горы. Сталовы айсберг.

•••

Сталовае віно гл. віно.

стало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

Разм. Тое, што і сталовая (у 2 знач.). Марусаў сеў за стол; падышла афіцыянтка — ён заказаў гуляш; ён заўсёды заказваў у такіх сталоўках гуляш — папулярную мясцовую страву. М. Стральцоў. Вось у гэтай сталоўцы партшколы і адбылося маё першае знаёмства з Платонам Галавачом. Хведаровіч.

стало́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сталачыць.

ста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў дарослым, дасягнуў поўнага развіцця. Сталыя мужчыны збіраліся ў гурткі і разважалі аб вайне, якая насоўвалася на іх. Колас. Аднак, зірнуўшы ў вочы касір[ц]ы, ужо сталай і сур’ёзнай жанчыне, Аня засаромелася свайго намеру і пачырванела да вушэй. Карпюк. / у знач. наз. ста́лыя, ‑ых. Я пытаўся ў сталых: — Дзе ж ён ёсць брыгадзір? Лужанін. // Уласцівы такому чалавеку. Маленства не песціла Зыгмунта Серакоўскага гэтак жа, як і сталыя гады. Якімовіч. У сталым веку будзеш чуць ты [унук] музыку гадоў выразна. Дубоўка.

2. Здольны рабіць, дзейнічаць самастойна, без чыёй‑н. дапамогі, кіраўніцтва; сур’ёзны. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. Ён [сакратар райкома] малады, ды сталы. Пабачыў ён багата. Дубоўка. [Аўдоля:] — Я так і ведала. Цівуну што — сталага работніка шкада на кухню ставіць, а дзяцей не шкада. Якімовіч. // Уласцівы такому чалавеку. Ой, як цяжка рабіць першы, сталы крок у жыцці! Бядуля.

3. Вопытны, які дасягнуў майстэрства ў чым‑н. Драбнатэм’е, прыглушанасць голасу, звужанасць погляду на сучаснасць — бяда нашых многіх сталых і маладых паэтаў. Грахоўскі. Не раз [Іван Якаўлевіч] здымаў шапку перад сталым практыкам-энергетыкам. Цяпер, бач, як вырас Анатоль Іванавіч! Гроднеў. На савецкую работу вылучана вялікая колькасць палітычна сталых работнікаў з шырокім партыйным, дзяржаўным кругаглядам, здольных весці справу энергічна і пісьменна. «Звязда». // Які вылучаецца грунтоўнасцю, майстэрствам і пад. Першыя на дзіва сталыя вершы .. [Валянціна Таўлая] датаваны 1928 годам, калі паэту было чатырнаццаць. Брыль. Па геаграфіі веды Сталыя мы набылі, Пеша схадзіўшы ўсе сцежкі Нашай вялікай зямлі. Куляшоў.

4. Пастаянны, нязменны; разлічаны на доўгі час, не часовы. [Наталя:] — Дарагая, мілая цётка Мальвіна!.. Дзе ты цяпер? Ты ніколі не мела свайго сталага месца — з дзядзькам Прахорам вы вечна падарожнічалі па краіне з канца ў канец. Скрыган. На мой паклон .. [Яворская] адказала запытаннем. — Новы сусед? Адкуль? Ага, выкладчык! Факультатыўна ці на сталую работу? Дуброўскі.

5. Добра абдуманы; які сведчыць пра вопытнасць, майстэрства. Сталае рашэнне. Сталая думка.