Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пясча́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пяску, пяскоў. Пясчаны край. Пясчаныя залежы. // Які складаецца з аднаго пяску, пакрыты пяском, пяскамі. Пясчаныя рачныя выспы. Пясчаная сцежка. Пясчаныя пустыні. □ Разгалістыя сосны.. раскінуліся на пясчаным узгорку. Колас.

2. З вялікай прымессю пяску; пескаваты. Пясчаная глеба. Пясчанае поле. □ Ворная зямля ў малінаўцаў была.. напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

3. Як састаўная частка назваў раслін і жывёл, што растуць або жывуць на пяску, у пясках. Пясчаная акацыя. Пясчаны барсук.

пясчы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Крупінка пяску.

пята́, ы́, ДМ пяце́; мн. пя́ты (з ліч. 2, 3, 4 пяты́), пят; ж.

1. Задняя частка ступні. Андрэй паглядзеў .. [цётцы Таццяне] услед, як яна ішла па халоднай зямлі босымі нагамі з парэпанымі пятамі. Пестрак. // Частка панчохі або шкарпэткі, якая закрывае гэтую частку ступні. Гэлька, Лявонава дачка, рабіла парцяную панчоху — дарабляла пяту. Баранавых.

2. Спец. Апорная частка чаго‑н. (якая іншы раз устаўляецца ў якую‑н. аснову, гняздо).

•••

Ахілесава пята — пра слабае месца каго‑н. (паводле грэчаскага міфа, Ахілес меў толькі адно слабае месца на целе — пяту, ад раны ў якую і загінуў).

З галавы да пят; ад пят да галавы гл. галава.

Кату па пяту гл. кот.

Наступаць на пяты каму гл. наступаць.

Падмазаць пяты гл. падмазаць.

Пад пятой каго або чыёй — пад уладай, пад прыгнётам.

Па пятах — неадступна, услед (хадзіць).

Сесці на пяты каму гл. сесці.

пята́к, ‑а, м.

Разм. Пяцікапеечная манета. Пасажыры купляюць, спяшаюцца, соваюць дзецям пятакі, грыўні, на хаду кідаюць ягады ў рот, бягуць назад у вагоны. Хомчанка.

пя́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пяты (у 1 знач.). Пятачнае сухажылле.

пятачо́к, ‑чка, м.

Разм.

1. Памянш.-ласк. да пятак; тое, што і пятак.

2. Круглы канец лыча ў свінні і ў некаторых іншых жывёлін. Патыцкаўшыся ружовымі пятачкамі, падсілкаваўшыся, парасяты самі па дошцы лезлі ў «спальню» і ўладкоўваліся там спаць. Даніленка.

3. Невялікая круглая пляцоўка або наогул цесная абмежаваная прастора. Ля ствала — сухога месца пятачок. Жычка. Да самай юрты падступаў круглы пятачок здратаванай зямлі. Беразняк.

пя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і пята. [Харытон Іванавіч] пастаяў на сярэдзіне пакоя, пераступаючы з наскоў на пяткі. Васілёнак. — А яны ў мяне скурай падшыты, — хваліцца Вулька, смела падымаючы і паказваючы пятку валенка. Лынькоў. Першыя замахі былі няўдалыя: то каса ўразалася ў густую траву адною пяткаю, а носік яе выскакваў напаверх.., то насок касы ўпіраўся ў зямлю і неставала сілы пацягнуць. Сабаленка.

•••

Душа ў пятках (у пяткі) гл. душа.

Лізаць пяткі каму гл. лізаць.

Падмазаць пяткі гл. падмазаць.

Паказаць пяткі гл. паказаць.

Толькі пяткі заблішчалі — пра хуткі бег.

пятлі́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пятлясты. У познюю восень сорак першага года, калі ішлі цяжкія баі пад Масквой, пятлістыя дарогі вайны звялі ў адной роце Івана Салаўёва — нядаўняга механіка рамонтных майстэрань — і Сяргея Мажэйку — нядаўняга студэнта. Шахавец.

пятлі́ца, ‑ы, ж.

1. Абкіданая або нашыўная пятля на верхняй вопратцы. Зарагатала [дзяўчына] і рукой Паправіла ў пятліцы астру. Аўрамчык.

2. Каляровая нашыўка на каўняры, грудзях форменнага адзення, якая служыць знакам адрознення. Адзін з вайскоўцаў, у якога на пятліцах былі два кубікі, трымаў напагатове аўтамат, другі, старшы палітрук, — карабін. Новікаў. Па тры на грудзях чырванелі пятліцы; Шапталі пры стрэчы ўсе маладзіцы: — Глядзі, які стройны, прыгожы Ігнат, Чырвоны казак, камісар акурат!.. Хведаровіч.

пятлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Спец. Рабіць фігуры вышэйшага пілатажу.