Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лучы́цца, лучуся, лучышся, лучыцца; незак.

Разм. Злучацца, яднацца. Налібоцкая пушча.. ва ўсе бакі — ляскамі ды пералескамі — лучылася з іншымі масівамі беларускіх лясоў. Брыль. Спіць усё, а дух сусвету З духам лучыцца зямлі. Колас.

лу́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Трапіць, пацэліць. Акцызнік раптам стаў, спяшаючыся, апранацца. Соваў рукі ў рукавы кашулі і ніяк не мог лучыць. Пташнікаў. — Што на .. [сівецкіх гаспадароў] глядзець? Яны раздураныя, яны адно глядзяць, каб як лучыць на лёгкі хлеб. Зарэцкі.

лучы́ць, лучу́, лу́чыш, лу́чыць; незак., каго-што.

Разм. Злучаць, яднаць. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуццё таварыскай блізкасці. Гартны. Ва ўсім цывілізаваным свеце родная мова ёсць асноваю, якая лучыць усе прадметы школьнага курса, якая праходзіць праз усе яго часткі. Шырма.

лушпа́йка, ‑і, ДМ ‑пайцы; Р мн. ‑паек; ж.

Разм. Тое, што і лупіна. Ля агню валяліся лушпайкі, крошкі белай.. бульбы. Кулакоўскі. Каб як-небудзь заманіць карову ў двор, мая маці вынесла з хаты ражку лушпаек. Сачанка.

лушпі́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і лупіна. На вячэру.. [Толю] выдалі чарпачок вады, у якой варыліся лушпіны ад чарвівай бульбы. Якімовіч.

лушпі́нне, ‑я, н., зб.

Разм. Тое, што і лупінне. Вярнуўшыся, Марк выцягнуў тол, паклаў яго ў кошык, зверху засыпаў бульбяным лушпіннем. Васілеўская.

лушча́к, ‑у, м.

Уст. Слюда.

лу́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад лушчыць.

2. у знач. прым. Ачышчаны ад шалупіння, якой‑н. абалонкі. Лушчаныя гарбузікі. Лушчаныя арэхі.

лушчы́льнік, ‑а, м.

Сельскагаспадарчая прылада для лушчэння глебы. Лямешны лушчыльнік. Дыскавы лушчыльнік.

лушчы́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны да лушчэння. Лушчыльны станок.

лу́шчыцца, ‑шчыцца; незак.

1. Лупіцца, здзірацца. Лушчыцца скура. □ Загарэў, бядак, ад сонца, Твар лушчыўся і ліняў. Колас.

2. Зал. да лушчыць.