Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; заг. ладкуй; незак., што.

Разм. Прыводзіць у парадак, уладжваць. Лёдзя спалохана падхапілася і хуценька спрытнымі звыклымі рухамі пачала ладкаваць валасы. Карпаў. У Гомелі я сеў у цягнік.. Калі зайшоў у купэ, там ладкавала рэчы высокая, досыць маладая жанчына. Навуменка.

ла́дкі, ‑дак; адз. ладка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. Даць пяць ладак лінейкай.

2. толькі мн. Дзіцячая гульня, пры якой удзельнікі ўдараюць адзін аднаго спачатку правай далонню аб правую, потым левай аб левую і г. д.

•••

Біць (пляскаць) у ладкі гл. біць.

ладко́м, прысл.

Разм. Тое, што і ладам. Сядзем радком, пагаворым ладком.

ла́дна, прысл.

Разм.

1. Прысл. да ладны.

2. у знач. сцвярджальнай часціцы. Ужываецца для выражэння згоды, пацвярджэння чаго‑н.; азначае: добра, хай сабе і так. [Пятрусь:] — Я папрашу вас нагрэць нам гарбаты... Адкульсьці з глыбіні кватэры даляцела: — Ладна! Гартны. У момант знеслі яму ўсе пісьмы, папрасілі кінуць іх у горадзе ў паштовую скрынку. — Ладна, кіну, — паабяцаў шафёр. Карпюк.

ладнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Даволі вялікі, значны. Ладнаваты кавалак поля. □ Канчаецца паляна — трапляецца пад ногі ладнаваты бярэзнік, куп’ё. Пташнікаў.

ла́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Немалы, значны, досыць вялікі. Сімон завярнуў у завулак, зрабіўшы ладны крук. Самуйлёнак. [Гаспадыня] паставіла на стол ладны чыгунок гарачай бульбы і гліняную міску кіслага малака. Грахоўскі. // Вялікі па колькасці. За бацькавым сталом збіралася ладная сямейка, ажно адзінаццаць душ. С. Александровіч.

2. Зграбны, стройны, прыгожы. Шарсцяная армейская гімнасцёрка і брыджы .. добра аблягалі ладную постаць. Мележ. У пакой увайшоў старшыня сельсавета Іван Сямёнавіч Андруш, высокі, ладны мужчына з цёмнымі вачамі. В. Вольскі.

3. Зусім здавальняючы, добры; спраўны. Сапраўды, хата ладная, чыстая, прыбраная, усё вакол дагледжана. В. Вольскі. — Мы работы не баімся, абы харч ладны, — асцярожна ўставіў [слова] нізкарослы чарнявы лейтэнант Гусараў. Алешка. У войта і ў Вруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас.

4. Дружны, зладжаны. З барханаў Турксіба, З Каўказскіх вышынь, З палёў ільняной Беларусі Цякуць эшалоны сырцу і машын У цёплым і ладным хаўрусе. Лявонны.

ладу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Уст.

1. Род патранташа ў кавалерыстаў, якім карысталіся да першай сусветнай вайны. // Сумка для пораху, шроту ў паляўнічых.

2. Набой для стрэльбы; трубачка ў форме гільзы з порахам і шротам для аднаго зараду. Надзеў [дзед Талаш] праз плячо паляўнічую .. торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам. Колас.

[Ад польск. ładunek — зарад.]

лаж, ‑у, м.

Спец. Павышэнне рыначнага курсу грашовых знакаў, каштоўных папер і вэксаляў у параўнанні з іх намінальнай вартасцю; розніца, якая бярэцца пры размене адной манеты на другую.

[Ад іт. laggio.]

лажо́к, ‑жка, м.

Памянш. да лог.

лажы́цца, лажуся, лажышся, лажыцца.

Незак. да легчы (у 1, 2, 4, 6 і 9 знач.).