дупле́т, ‑а, М ‑леце, м.
1. У більярднай гульні — удар шаром у другі шар, які, ударыўшыся аб борт і адскочыўшы ад яго, трапляе ў лузу.
2. Тое, што і дублет (у 2 знач.). Анісім доўга і пільна цэліўся і стрэліў дуплетам. Сачанка.
[Фр. doublet.]
дуплі́сты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і дуплаваты. Дуплістае дрэва. □ Многа тут .. [шпакоў] у дуплістых таўшчэзных таполях і ліпах. Даніленка.
дупло́, ‑а, н.
1. Пустата ў ствале дрэва на месцы выгніўшай драўніны. Засунуць руку ў дупло. □ Птушаняты спяць пад крыллем, матчыным І вавёркі ў дуплах моцна спяць. Панчанка.
2. Адтуліна, дзірка ў зубе.
дупляна́ты, ‑ая, ‑ае.
Абл. Дуплаваты. Стары дуплянаты ясакар як бы самой прыродай яшчэ з незапомных часоў упісаны ў каралінскі пейзаж. Сабаленка.
дупля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Шпакоўня з дуплаватага дрэва. Нашы продкі пявунняў любілі, Па шчырасці славілі, Паважалі крыклівых, Пісклівых, На кожнай вярбе Дуплянкі вясною Пад ціхімі хатамі ставілі. Ляпёшкін.
дупялі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дупеля, належыць яму. Дупялінае гняздо.
дур, ‑у, м.
Разм.
1. Бесталковыя ўчынкі, капрызы. — Дараваць сабе не магу, нашто я тады чытала табе свой верш. Ну, але ты глядзі на гэта, як на дзіцячую забаўку — проста дурная была. Цяпер дур гэты ў мяне прайшоў. Колас.
2. Зацямненне свядомасці, адурэнне. Дур найшоў на чалавека.
•••
Выбіць дур з галавы гл. выбіць.
дуралюмі́н, ‑у, м.
Лёгкі і трывалы сплаў алюмінію і медзі з прымессю марганцу, крэмнію і інш.
[Ад лац. durus — цвёрды і слова алюміній.]
ду́рань, ‑рня, м.
1. Разумова абмежаваны, тупы чалавек. [Паўлінка:] Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе! Купала. Выйшаў дурань з лесу і забыўся, па што яго браты паслалі. Якімовіч. Дурню агню ў рукі не давай. З нар. // Ужываецца як лаянкавае слова. — Тфу, дурань! — аблаяў сам сябе Сцёпка і дадому пайшоў. Колас. // Уст. Юродзівы.
2. (толькі з адмоўем: не дурань); у знач. вык., з інф. Разм. Майстар на што‑н., ахвотнік да чаго‑н. Не дурань паспаць. Не дурань паесці.
3. Адзін з відаў гульні ў карты. Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Чарнышэвіч.
•••
Застацца ў дурнях гл. застацца.
Знайшоў (знайшлі) дурня гл. знайсці.
Набіты дурань — пра вельмі тупога, абмежаванага чалавека, няздольнага разважаць, думаць.
Няма дурняў гл. няма.
Пакінуць у дурнях гл. пакінуць.
Пашыцца ў дурні гл. пашыцца.
Строіць дурня гл. строіць.
Шукаць дурняў гл. шукаць.
дураслі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць дураслівага. Настаўнікі цяпер самі былі падобны да сваіх школьнікаў, чыю дураслівасць ім прыходзілася стрымліваць у часе заняткаў. Колас.