Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стырнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

Кіраваць стырном. Часу не марнуе Ластаўка са стрыжам, І плывец стырнуе Цераз вір на стрыжань. Пушча.

стырнавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да стырна. Стырнавое кола.

2. у знач. наз. стырнавы́, ‑ога, м. Чалавек, які кіруе стырном на судне і пад. Усіх удзельнікаў будзе трыццаць чалавек — па пяць на кожны човен, па чатыры на вёслы і адзін за стырнавога. Дубоўка.

сты́рнік, ‑а, м.

Тое, што і стырнавы (у 2 знач.). Павер напеву стырніка, Плыты, плыты спыні! Гэй, воды, быстрая рака, Назад лепш павярні! Танк.

стырно́, ‑а, н.

1. Руль. Камбайн папыхвае дымком, Здаецца — люльку курыць. Сядзіць Аўдуля за стырном, Пад сонцам вочы жмурыць. Калачынскі.

2. перан.; чаго або якое. Кніжн. Тое, пры дапамозе чаго кіруюць чым‑н. Наша партыя .. разбіла і скінула ўладу капітала ў Расіі і ўзяла дзяржаўнае стырно ў свае рукі. Колас.

стыро́л, ‑у, м.

Вадкае пахучае рэчыва, якое здабываецца са смалы некаторых трапічных дрэў і выкарыстоўваецца ў парфумерыі, мылаварэнні і пад.

стыро́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стыролу, уласцівы яму. Стыролавы пах.

стыха́р, ‑а, м.

Доўгае, з шырокімі рукавамі, звычайна парчовае, адзенне дзяка ў час набажэнства.

[Грэч. sticharion.]

стыхі́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стыхійнага. Стыхійнасць эканамічных законаў капіталізму.

стыхі́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да стыхіі (стыхій) (у 2 знач.); выкліканы імі. Стыхійнае няшчасце. Стыхійная з’ява. Стыхійныя сілы. // Які мае адносіны да з’яў прыроды, характэрны для іх. Стыхійную сілу зямлі .. У моцныя рукі ўзялі. Колас. // Які не падпарадкоўваецца волі і розуму; міжвольны (пра пачуцці і пад.).

2. Які працякае як натуральны працэс, які не рэгулюецца чалавекам, грамадствам. Стыхійны характар эканамічных законаў у капіталістычным грамадстве. // Які ўзнікае, адбываецца без кіраўніцтва, нікім не арганізаваны. Стыхійны характар паўстання. Стыхійная дэманстрацыя. □ Але стыхійная, выпадковая, як пішуць у афіцыйных паперах, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў не магла забяспечыць будоўлю добрымі мулярамі, бетоншчыкамі, тынкоўшчыкамі і сталярамі. Грахоўскі.

стыхі́я, ‑і, ж.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адзін з асноўных элементаў прыроды (вада, зямля, паветра, агонь), якія ляжаць у аснове ўсіх рэчаў. // перан.; чаго або якая. Кніжн. Зыходны элемент, пачатак. Стыхія народнасці часта прарываецца ў стылістыцы твора, каб неспадзявана зазіхацець «сялянскім» слоўцам у паэме, насычанай усімі фарбамі рамантычнага стылю. Бярозкін.

2. Магутныя сілы прыроды, якія не падпарадкуюцца чалавеку. Марская стыхія. □ Стыхія лютавала. Хвалі ўжо захл[і]ствалі сумныя адзінокія постаці робатаў. Шыцік. У барацьбе са стыхіяй прыроды, з рознымі іншымі цяжкасцямі рос і загартоўваўся калектыў шахцёраў. Кулакоўскі. Кіну Справы свае І прыеду ў тую ж хвіліну Дапамагчы ваяваць З непакорнай стыхіяй. Танк. // Моцныя падсвядомыя пачуцці. Пры маляванні вобразаў сялян праяўляецца ў Коласа стыхія гумару. Клімковіч.

3. чаго або якая. З’явы сацыяльнага жыцця, якія не могуць рэгулявацца людзьмі, грамадствам. Стыхія інфляцыі. Стыхія капіталістычнага рынку. Стыхія канкурэнцыі. // Сляпая дзейнасць грамадскага асяроддзя, якое не падпарадкоўваецца арганізацыі і кіраўніцтву. Беразняк пакруціў галавою: — Дробнабуржуазная стыхія засмоктвае, як дрыгва. Сабаленка.

4. перан.; каго-чаго або якая. Прывычнае акружэнне, асяроддзе, кола любімых заняткаў, асноўных інтарэсаў і пад. Арганізоўваць, камандаваць, кіраваць — гэта яго [Сцёпкі] прызванне, яго стыхія. Жычка. Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых «чапаеўцаў», яны скажуць больш. Шамякін. — Мая стыхія — гандаль, — катэгарычна адрэзаў Свідраль і зноў, але ўжо ямчэй, усеўся на канапе. Дуброўскі.

[Ад грэч. stoicheion — элемент.]