Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сты́нуць,

гл. стыць.

стынь, ‑і, ж.

Сцюжа, холад. [Хмурынкі] нізка, нізка сцелюцца над самай зямлёй, чапляюцца за вяршыні дрэў, што аж пачарнелі ад вільгаці, ад стыні. Лынькоў. Над лесам паўстала дрыготкае жаўтлявае зарыва, там разганялі цемру і стынь зімовай ночы цёплыя агні горада. Хадкевіч. Лёгкая стынь прабегла па спацелай спіне. Карамазаў. / у паэт. ужыв. Хатынь, Даходзяць пакут адгалоскі Да нас праз магільную стынь. Смагаровіч. Надоўга дарогі нашы Разбегліся ў сінюю стынь. Хведаровіч.

стыпе́ндыя, ‑і, ж.

Рэгулярная грашовая дапамога, якая выдаецца навучэнцам у навучальных установах, а таксама аспірантам, якія рыхтуюцца да навуковай дзейнасці. [Зоя:] — Не, я сама адумалася. На бухгалтара пайду вучыцца. Калгас стыпендыю дае. Гроднеў. І ў гэты ж дзень пасля ўрокаў у канцылярыі тэхнікума Алёша атрымаў сваю першую студэнцкую стыпендыю. Васілевіч.

[Лац. stipendium — плата.]

стыпендыя́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стыпендыі. Стыпендыяльны фонд. □ У той час .. я сядзеў на пасяджэнні стыпендыяльнай камісіі. Сачанка.

стыпендыя́т, ‑а, М ‑яце, м.

Навучэнец, які атрымлівае стыпендыю. Праз некалькі дзён я здаў экзамены па ўсіх астатніх прадметах на «выдатна» і быў залічан стыпендыятам семінарыі. Сяргейчык. Тройка ў заліковай кніжцы значыла: быць без стыпендыі да наступнай сесіі. Такое строгае правіла ўстанавіла праўленне для калгасных стыпендыятаў. Б. Стральцоў. // Навучэнец, які атрымлівае спецыяльную (найчасцей імянную) стыпендыю за выдатную вучобу і актыўную грамадскую дзейнасць. Купалаўскі стыпендыят.

стыпендыя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да стыпендыят.

сты́плер, ‑а, м.

Конь, спецыяльна прывучаны да скачак з перашкодамі.

[Англ. steepler.]

стыпль-чэ́з, ‑а, м.

У спорце — бег або скачкі на хуткасць з перашкодамі.

[Англ. steeplechase.]

сты́ракс, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дрэва трапічных і субтрапічных краін, у смале якога знаходзяцца пахучыя рэчывы.

2. ‑у. Драўніна такога дрэва, а таксама пахучы бальзам, які атрымліваецца з розных відаў гэтага дрэва і выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне.

[Грэч. styrax.]

сты́раксавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стыракса, уласцівы яму. Стыраксавы пах. // Які выдзяляе стыракс. Стыраксавае дрэва. // у знач. наз. сты́раксавыя, ‑ых. Сямейства дрэвавых і кустовых раслін, якія выдзяляюць пахучы бальзам.