Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ці́хі, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь чутны; нягучны. Ціхі посвіст, лёгкі шорах, — Цемра ночы ажыла... Крапіва. Ляснуў кароткі ціхі стрэл. Шамякін. // Які характарызуецца наяўнасцю невялікага шуму ці адсутнасцю яго; бясшумны. Ціхі горад. □ Брод перайшоў [Андрэй]. Вось цёмны ціхі млын Паўстаў прад ім. А далей — сад і круча. З. Астапенка.

2. Агорнуты цішынёй; маўклівы. Ціхая ноч. □ У парку ля ціхіх лагчын Запыленай шыбай віднеюцца лужы, Ільдзінка на сонцы блішчыць. Ляпёшкін.

3. Без адзнак вялікага руху, мітусні, беганіны. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. Станцыя, на якой вылазіць Дзмітрый Іванавіч, у познюю асеннюю пару заўсёды ціхая. Навуменка. // Бязветраны; зацішны. Ціхая пагода. □ Нават у самыя ціхія дні, калі і на адкрытых лугах не зварухнецца ні адна травінка, лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца. Паслядовіч. / Пра дождж і пад. Мы пад вечар прыселі пад цёплай капай. Ціхі дожджык пра нешта шаптаў нам, як друг. Кірэенка. // Бестурботны; мірны. Ціхае жыццё. □ Росным травам, Што зарой наліты. Пошум іх прысніцца ў ціхім сне. Калачынскі. // Нямоцны, слабы; кволы. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў. // Слаба выражаны, ледзь прыкметны. — Жывая!.. Пад пальцамі азвалася ціхае-ціхае тахканне пульсу. Брыль.

4. Лагодны, рахманы; паслухмяны, пакорлівы. Усе яго [Івана Аляксеевіча] ведалі, як чалавека ціхага і сумленнага. Якімовіч. — Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці. Пальчэўскі.

5. Які праходзіць спакойна, без буйных праяў. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць. Ваданосаў.

6. Які не адрозніваецца хуткасцю, павольны, марудны. Ехаць ціхай рыссю. □ Без агнёў і ціхім ходам яны [Крамарэвіч і машыніст] адводзілі цягнік у тыл. Чорны.

•••

Ціхае вар’яцтва — шаленства без прыступаў буянства.

Ціхая гадзіна — тое, што і мёртвая гадзіна (гл. гадзіна).

Ціхай сапай гл. сапа.

Ціхая завадзь гл. завадзь.

ціхма́насць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць ціхманага. Яшчэ Дануся паводзіла сябе так, як часамі дзеці пры чужым нябожчыку — з забаўнай вонкавай пакорай і ціхманасцю. Карпюк.

ціхма́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і ціхмяны. Глушак зноў паглядзеў на лысаватага: а гэты, можа, і праўда ціхманы і добры. Мележ. Даўней Хведар быў ціхманы, сарамлівы і крыху цельпукаваты хлопец. Асіпенка.

ціхмя́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць ціхмянага. Цвінгелю Ліда ўпадабалася за пакорлівасць і ціхмянасць, за працавітасць і ўвішнасць. Кавалёў. Руды твар Сяміздрава выказваў угодлівасць і ціхмянасць. Шчарбатаў.

ціхмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Паслухмяны, пакорлівы, лагодны, рахманы. Шафёр Кузьма Круглы — малады ціхмяны хлопец. Навуменка. Зрабіліся вялікія вочы ў Лізы: ні разу яшчэ не бачыла яна маці, ціхмяную, пакорлівую, вось такой. Шамякін.

ці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ціх, ‑ла; незак.

Разм. Сціхаць, змаўкаць. І раптам — клёкат адразу ціхае, нібы адсечаны адным махам. Мележ. І размова не ціхла, Не моўкла, Не гасла. Лужанін.

ціхо́м, прысл.

Абл. Цішком. Ціхом, каб не пабудзіць маці, .. [Клава] злегла з ложка. Чорны.

ціхо́ня, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.

Ціхі, лагодны, ціхмяны чалавек. Аднойчы гэты ціхоня, які, здавалася, і мухі не мог пакрыўдзіць, учыніў такое, што не кожны даваў веры. Сіняўскі. І вось Волька скончыла вучобу не горш, а, можа, нават і лепш за Петруся. Вось табе і ціхоня Волька. Хто б мог падумаць!.. Даніленка.

ціху́тка, прысл.

Разм.

1. Вельмі ціха, бясшумна. Цераз кусты прайшлі [звяры] ціхутка, не варухнуўся і лісточак. Дубоўка. А вецер, той гутаркі ўдзельнік і сведка, ціхутка галінкі на дрэвах кране. А. Вольскі.

2. Паволі, марудна. І на крыгах — уласных паромах — Ад’язджае ціхутка зіма. Прануза.

3. Употай, цішком. — Не бойся, Костусь: будзем жывы, Чаго баяцца? Нічагутка! Закінем іх [«начаткі»] у снег ціхутка. Колас.

4. безас. у знач. вык. Вельмі ціха; зацішна. Пад крушыннікам было ціхутка. Чорны.

ціху́ткі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі ціхі. І ў гэтым гомане няўпынным, І ў ціхуткім шэпаце лістоў Чую рух вялікае машыны Нашых дзён і будучых гадоў. Куляшоў.