ускру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ускруціць.
ускры́к, ‑у, м.
Разм. Раптоўны, адрывісты крык, выкрык. Раптоўна ўсе хлопцы прыселі, Ліда нават упала, з адчайным ускрыкам затуліўшы .. Верачку. Брыль. З усяго, што было пасля, мне толькі і запомніўся апошні ўскрык бацькі і збялелы як палатно твар забойцы, які ўжо ў наступную хвіліну, відаць, апамятаўшыся, шпурнуў ад сябе касу і кінуўся да бацькі, каб выцягнуць яго на сушэйшае месца... Шуцько.
ускры́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ускрыкваць — ускрыкнуць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
ускры́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ускрыкнуць.
ускры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Нечакана, адрывіста крыкнуць. Убачыўшы раптам перад сабой незнаёмага чалавека, .. [жанчына] спалохалася, але прыгледзеўшыся, ускрыкнула радасна. Мележ. — Васілёк мой! — глуха ўскрыкнула Ірына, схапіла аберуч дзіцё і — страшная, збялелая — прагна цалавала яго, перабірала .. светлыя валосікі, змывала з цемені кроў. Лынькоў.
ускубну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм.
1. Аднакр. да ускубці.
2. Ушчыкнуць.
уску́бці, ‑бу, ‑беш, ‑бе; ‑бём, ‑бяце; зак., што і чаго.
Разм. Скубянуўшы, вырваць што‑н., нарваць чаго‑н.
ускудла́ціцца, ‑лачуся, ‑лацішся, ‑лаюцца; зак.
Стаць, зрабіцца кудлатым; растрапацца. За цяжкую дарогу бародка Паўла Паўлавіча ўскудлацілася, хітрыя вочкі запалі, але стары не здаваўся, пабліскваў залатымі зубамі. Новікаў.
ускудла́ціць, ‑лачу, ‑лаціш, ‑лаціць; зак., каго-што.
Зрабіць кудлатым; растрапаць. Шалёны вецер расхрыстаў [Казіку] сарочку, ускудлаціў валасы. Шыловіч.
ускудла́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускудлаціць, ускудлачыць.
2. у знач. прым. Узлахмачаны, растрапаны (пра валасы). Гарбач сядае і растапыранымі пальцамі прычэсвае ўскудлачаныя валасы. Мурашка. // З ускалмачанымі валасамі. А то было і так: бяжыць насустрач маладзіца — ускудлачаная, расчырванелая, хусцінка, з’ехаўшы з галавы, матляецца на спіне. Хадкевіч. Дзед Яўстрат, які звычайна ўсю зіму сядзеў на печы, высоўваў у такі момант сівую ўскудлачаную галаву і сіплым старэчым голасам, раіў бацьку: — Улі, Васіль, вісусу гэтаму, а то ж расце распуста, на лес гледзячы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Як добрым знаёмым, сардэчна ківаюць нам ускудлачанымі галовамі старыя хвоі. Сяргейчык. У небе віселі рэдкія ўскудлачаныя хмаркі. Гаўрылкін.