Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лесніко́ўна, ‑ы, ж.

Разм. Дачка лесніка. Як на шчасце, паявілася леснікоўна. Вясёлая, гаваркая, прынадная дзяўчына як з неба звалілася разам з бацькам сваім, новапрызначаным лесніком. Мележ.

лесніко́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з асаблівасцямі працы лесніка, прызначаны для яго працы. Леснікоўскае жыццё. □ Бацька зняў з цвіка сваю леснікоўскую торбу з кутасамі і насыпаў сыну жменю духмяных сакаўных суніц. С. Александровіч.

лесніко́ўства, ‑а, н.

Занятак, служба, дзейнасць лесніка. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Як я цяпер разумею, бацьку няміла было леснікоўства, цягнула праца на зямлі. Лужанін. Леснікоўства Антону палюбілася. Ермаловіч.

леснічо́ўка, ‑і, ДМ ‑чоўцы; Р мн. ‑човак; ж.

Разм. Хата лесніка і яго сям’і. Некалі на гэтым Месцы стаяла.. леснічоўка, у якой жыў панскі ляснік Міхал Міцкевіч. С. Александровіч. На маленькай утульнай палянцы стаіць адзінокая леснічоўка. Шамякін.

леснічо́ўна, ‑ы, ж.

Тое, што і леснікоўна. У леснічоўцы — леснічоўна. Бацькі якраз на кірмашы! Ноч нахапілася раптоўна. Яна і ён. І ні душы. Барадулін.

леснічы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Жонка лесніка.

леспрамга́с, ‑а, м.

Лесапрамысловая гаспадарка — дзяржаўнае прадпрыемства, якое праводзіць нарыхтоўку, распрацоўку і перавозку лесу.