Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ледахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Рух лёду па цячэнню рэк вясной (у час раставання) і восенню (перад ледаставам); крыгаход. Пайшоў ледаход. Затрашчалі масты. А. Александровіч.

ледахо́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ледаходу. Ледаходны перыяд.

ледзь, прысл. і злучн.

1. прысл. Чуць, злёгку, нямнога. Ледзь жывы. Ледзь прабіваецца святло. Ледзь чутна. □ Каміны ледзь выглядалі з віхрастай саломы на стрэхах. Чорны. З ледзь улоўным слыху шорахам падала з дрэў пажоўклае лісце. М. Ткачоў.

2. прысл. Разм. Насілу, з вялікімі цяжкасцямі; ледзьве. Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. Лодка ледзь прадзіралася цераз гушчэчу зеляніны. Лобан.

3. прысл. (у спалучэнні з адмоўем). Амаль, чуць не. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Мележ.

4. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу пры імгненнай змене падзей. Ледзь бліснула такая думка, і .. [Лялькевіч] увесь скалануўся, пачырванеў. Шамякін. / У спалучэнні з масавым злучнікам «толькі». Ледзь толькі вадзіцель марудна .. выпаўз з люка, Нолышаў паставіў яго ў струнку, сказаў ад сэрца некалькі сярдзітых слоў. Мележ.

•••

Ледзь вынесці ногі гл. вынесці.

Ледзь дацягнуць ногі гл. дацягнуць.

Ледзь дыхаць гл. дыхаць.

Ледзь ногі носяць гл. нага.

Ледзь ногі цягаць (валачы, перастаўляць) гл. цягаць.

Ледзь трымацца на нагах гл. трымацца.

ле́дзьве, прысл.

1. Насілу, з вялікімі цяжкасцямі. Зноў [Лабановіча і Садовіча]апанавалі балаголы і пачалі тузаць. Ледзьве адбіліся ад іх. Колас.

2. Разм. Тое, што і ледзь (у 3 знач.). У нядзелю ледзьве не ўвесь дзень маладыя былі разам. Дубоўка.

ледзяне́ц, ‑нца, м.

Цвёрдая празрыстая цукерка з застылай сумесі цукру з фруктовым сокам.

ледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пакрывацца зверху лёдам. Зіма ніяк не клалася на зямлю — з неба імжэў дождж са снегам, на эстакадзе рабілася коўзка, а ўначы пры марозе ўсё ледзянела. Карамазаў.

2. Станавіцца халодным як лёд, мерзнуць, дубець. Рукі ледзянеюць. // перан. Нямець, заміраць (ад страху, жаху і пад.). Сэрца ледзянее.

•••

Кроў ледзянее (у жылах) гл. кроў.

Сэрца ледзянее гл. сэрца.

ледзяні́сты, ‑ая, ‑ае.

Які ператварыўся ў лёд; падобны на лёд. Дзед пакаўзнуўся адной нагой і ўпаў у канаўку .. з ледзяністаю снежнаю вадой. Пестрак.

ледзяні́ць, ‑ніць; незак., каго-што.

1. Ператвараць у лёд; замарожваць. Браўся і мароз — ды на суткі, не болей, ледзяніў толькі снег, не выйсці, не высунуцца на дарогу. Пташнікаў. // Пранізваць холадам. Холад настойліва забіраўся пад майкі і ледзяніў цела. Карпаў.

2. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «кроў», «сэрца», «душу» і пад.). Даводзіць да стану здранцвення, жаху. Думкі, адна страшнейшая за другую, ледзянілі душу. Сіняўскі.

ледзянцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляе цца ледзянцом. Ледзянцовыя цукеркі.

ледзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лёду; які складаецца з лёду. Усё — зямля, дрэвы, стрэхі — пакрылася звонкай ледзяной коркай. Шамякін. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Ледзяныя вяршыні гор. □ Па ледзяных горках коўзаюцца дзеці. Мурашка.

2. Вельмі халодны; халодны як лёд. Дзе-нідзе байцы з першага ж кроку правальваліся па пояс ў ледзяную ваду. Краўчанка. Здольнасць што-небудзь усведамляць вярнулася да Хвядоса ўжо на вуліцы, калі твар яго апякло ледзяным ветрам. Шашкоў. // Застылы, адубелы. Ледзяныя пальцы. Ледзяны твар.

3. перан. Пагардліва-халодны, знішчальны. Ледзяны позірк. // Халодна-раўнадушны, абыякавы. Ледзяныя вочы. Ледзяны выраз твару.